З цудоўнымі ўражаннямі і настроем

Культура Общество

Стала добрай традыцыяй праводзіць 1 студзеня гарадскую дабрачынную ёлку. Не стаў выключэннем і 2021 год.

На плошчы Свабоды ў Валожыне сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі, каб разам з казачнымі персанажамі акунуцца ў атмасферу ўсімі любімага свята. Гульнёва-забаўляльную праграму “Навагодні перапалох” падрыхтавалі педагогі ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна”.

Тэатралізаванае прадстаўленне пачалося з таго, што Снегавік і Дамавік Кузя паведамілі аб знікненні чароўнага куфэрка, у якім знаходзіліся чаравікі Снягуркі, чароўны клубочак і шмат розных рэчаў. Каб яго адшукаць, дзецям патрэбна было выканаць розныя заданні: адгадаць загадкі, назваць казкі, станцаваць, спець песню. Усё гэта яны рабілі з вялікім задавальненнем і азартам.

Вясёлую і захапляючую праграму прадоўжылі любімыя героі – Дзед Мароз, Снягурка і Новы год. А які ж Новы год без карагодаў, конкурсаў, гульняў?! Рабяты дэкламавалі любімыя вершы пра зіму, ёлачку, Дзеда Мароза, Снягурку, за што кожны атрымаў салодкі пачастунак.

Навагодняе прадстаўленне ўдалося на славу! Яно пакінула цудоўнае ўражанне і пазітыўны настрой у дзетвары і дарослых, якія прысутнічалі на свяце.

Спадзяёмся, што год Быка прынясе мір, узаемаразуменне, моцнае здароўе і радасныя ўсмешкі. А загаданыя жаданні абавязкова здзейсняцца!

Цэнтр творчасці дзяцей

і моладзі Валожынскага раёна