Лекары чалавечай душы

Общество

Менавіта так можна назваць усіх, хто працуе ў сацыяльнай сферы. Яны па праве заслугоўваюць цёплых слоў і падзякі. Таму, нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, зусім адмовіцца ад свята не змаглі. Урачыстасць да Дня работнікаў сацыяльнай абароны правялі ў змененым фармаце – запрасілі толькі тых, хто ўзнагароджваўся. А такіх – 30 чалавек.

Мерапрыемства прайшло ў зале пасяджэнняў райвыканкама акурат у прафесійнае свята – 5 студзеня. На яго завіталі ганаровыя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Аляксеевіч Семянчук, старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун.

Напачатку начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама зачытала віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі работнікам сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. “Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, якая базіруецца на прынцыпах справядлівасці, гарантуе неабходную падтрымку кожнай сям’і, кожнаму чалавеку. Сацыяльныя работнікі абараняюць інтарэсы нашых грамадзян, надаючы шмат увагі тым, хто з-за розных абставін не можа сам пра сябе паклапаціцца: людзям з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям, старым”, – гаворыцца ў віншаванні. “Гэта няпростая штодзённая праца патрабуе ад прадстаўнікоў вашай прафесіі асаблівага цярпення, міласэрнасці, умення суперажываць. Такія якасці вельмі каштоўныя ў час барацьбы з пандэміяй каранавіруса, калі вы дапамагаеце не толькі па службовых абавязках, але і па закліку сэрца, бескарысліва. Упэўнены, што так будзе і надалей”, – адзначыў Прэзідэнт.

Сацыяльная сфера заўсёды знаходзіцца ў полі зроку раённага выканаўчага камітэта. Віншуючы прысутных у зале, кіраўнік раёна Я. М. Круковіч адзначыў: “Ваша праца заслужыла ўсе-агульнае прызнанне. Бо, дзякуючы вашым намаганням, жыццё многіх людзей напоўнілася сэнсам і займела надзею. Няхай кампетэнтнасць, працавітасць, бескарыслівасць і надалей служаць людзям і дапамагаюць пераадольваць жыццёвыя цяжкасці”. Яўгеній Міхайлавіч падзякаваў работнікам сацыяльнай сферы за іх нялёгкую і высакародную працу, а таксама ўзнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама сястру-гаспадыню Ракаўскага псіханеўралагічнага дома інтэрната Людмілу Лук’янаўну Маковіч, медыцынскую сястру Івянецкага дома-інтэрната Ірыну Іванаўну Ройка, сацыяльнага работніка Лілію Мікалаеўну Вараб’ёву. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена сацыяльным работнікам Жанне Вікенцьеўне Лойка і Марыне Фабіянаўне Тарасевіч, інспектару сектара працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Марыне Уладзіміраўне Унучак.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. А. Семянчук добра ведае работу сацыяльнай службы. “Нягледзячы на надвор’е, пандэмію, хваляванні ў грамадстве, вы кожны дзень ідзяце да людзей, не толькі бачыце іх праблемы, але ведаеце і вырашаеце іх, – заўважыў Алег Аляксеевіч. – Вас любяць – не столькі за тое, што робіце, а за тое, як робіце: за клопат, увагу, чуласць, зычлівасць і міласэрнасць. Дзякуй вам за вялікую місію дабра, якое прыносіце ў дамы нямоглых і хворых людзей”. Прадстаўнік заканадаўчай улады краіны ўручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктару  ТЦСАН Галіне Фадзееўне Рай, падзякі старшыні парламента – псіхолагу цэнтра Алене Віктараўне Жданюк і сацыяльнаму работніку Таццяне Міхайлаўне Чышэвіч.

А.Б.Ліштван і М.Ф.Тарасевіч

Абласное кіраўніцтва таксама адзначыла працу валожынскіх сацработнікаў. У прыватнасці, Ганаровая грамата камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама аб’яўлена галоўнаму спецыялісту ўпраўлення Наталлі Мікалаеўне Пальчэўскай, сацыяльнаму работніку Наталлі Іванаўне Вайцюлевіч, інспектару па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Алене Бенядзіктаўне Ліштван, медыцынскай сястры Аксане Іванаўне Протас і інжынеру Тэрэзе Іосіфаўне Цынкевіч Івянецкага дома-інтэрната, медыцынскай сястры Алене Яўгеньеўне Астраух і повару Ірэне Мечыславаўне Яблонскай Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Падзякай старшыні камітэта адзначана праца намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыны Аляксандраўны Іоды, сястры-гаспадыні Таццяны Вікенцьеўны Пяцігор і санітаркі Алены Антонаўны Шут Івянецкага дома-інтэрната, санітаркі Людмілы Станіславаўны Адамовіч і спецыяліста па кадрах Тамары Васільеўны Жарнасек Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, інспектара па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Ганны Пятроўны Альшэўскай, сацыяльнага работніка Таццяны Міхайлаўны Морскай. Ганаровую місію ўручэння заслужаных узнагарод выканаў намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун, які таксама адрасаваў словы віншавання і ўдзячнасці.

Граматы і падзякі ТЦСАН атрымалі сацыяльныя работнікі Святлана Пятроўна Бубен, Таццяна Іванаўна Станілевіч, Алена Браніславаўна Гаптар, Валянціна Уладзіміраўна Ракавец, Ірына Міхайлаўна Грышчык. Самых актыўных членаў прафсаюзнага руху – Ганну Іванаўну Стасяловіч і Алену Станіславаўну Шчарбакову – узнагародзілі падзякамі раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара