Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Завяршыліся вялікія навагоднія і калядныя святы. Мяркую, што ніхто з дзяцей не застаўся без падарункаў. А большасць дзятвы знайшла пад ёлкамі тыя падарункі, пра якія марылі і якія прасілі ў Дзеда Мароза. Шмат салодкіх ласункаў, сокаў і фруктаў атрымалі выхаванцы Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната, а сама ўстанова – неабходныя ў гаспадарцы рэчы.

Немагчыма пералічыць пайменна ўсіх дабрачынцаў, што перадавалі падарункі ў дом-інтэрнат. Але некаторых хочацца адзначыць. Гэта ў першую чаргу “Еўраопт”, які прадстаўляў кіраўнік прэс-службы, медыйная асоба Ягор Хрусталёў. Ён даставіў у Івянец два пыласосы, цацкі з серыі “Лясная сямейка” і ласункі дзецям. ТДА “МаркетЛіга” падарыла 120 камплектаў пасцельнай бялізны і гаспадарчыя тавары, “Віталюр” – пральную машыну на 7 кілаграмаў бялізны, ТДА “Сэльвін-Сістэм” – памперсы, сродкі асабістай гігіены, мыючыя і чысцячыя сродкі для посуду, бялізны, падлогі і іншыя. Жадаючых наведаць установу хапала і ў новым годзе.

Па праграме COVID-19 у раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа паступілі 12 прадуктовых і гігіенічных набораў на суму 466 рублёў 92 капейкі. Па 6 набораў для мужчын і жанчын.

У наборы ўвайшлі зубныя шчоткі і зубная паста, мыла, туалетная папера, аднаразовыя лязо для галення і іншыя прылады. Яны прызначаліся для асоб, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі.

Прэм’ера расійскай стужкі “Агонь” адбылася ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра яшчэ напярэдадні навагодніх свят. За вялікія выхадныя, што прыпалі на першую дэкаду студзеня, драматычны фільм пра мужных агняборцаў паглядзелі 130 гледачоў.

Новы фільм будзе дэманстравацца ў кінатэатры да 24 студзеня ўключна.

Творчы 2020 год завяршыўся для члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, жыхаркі вёскі Пугачы Наталлі Жызнеўскай прыемным падарункам. Літаральна ў апошнія дні адыходзячага года паэтка атрымала пасылку з Расіі.

 У пасылцы было пасведчанне за № 154 члена Міжнароднага Саюза Рускамоўных Пісьменнікаў і медаль, а таксама дзве салідныя кніжкі ў цвёрдых пераплётах, у якіх змешчаны творы нашай зямлячкі, што ўдзельнічалі ў конкурсах. У кнізе “Вечная вясна” – апавяданне “Салодкі грэх”, у паэтычным зборніку “Золотая непогода, позолоченная грусть” – верш “Печаль души”. А ў першыя дні новага года Н. Жызнеўская атрымала Падзяку з Украіны ад Міжнароднага літаратурна-мастацкага альманаха “Сонячне місто” за актыўны ўдзел у іх праектах. Пажадаем творчай асобе, каб 2021 год стаў не менш плённым на вершы, прозу і фатаграфіі, каб прынёс ёй шмат новых узнагарод!

Без выхадных, свят і нават водпуску працуюць гаспадары сабачага прытулку ў вёсцы Алешчаняты Алена і Ігар Крэйнісы. Вынікам іх штодзённай працы, а таксама згуртаванай каманды куратараў, валанцёраў, ветэрынараў, перавозчыкаў, журналістаў, фатографаваў, суседзяў і проста спачуваючых нераўнадушных людзей стала тое, што летась 31 сабака знайшоў свой дом і любячых гаспадароў. Хай у новым годзе лічба будзе яшчэ большай.

 Гадаванцы Крэйнісаў знайшлі гаспадароў у нашым раёне, Мінску, на Істрынскім вадасховішчы ў Маскве, некалькі з іх нават пакарылі Амерыку. Пасля апошняй публікацыі ў снежні ў штотыднёвіку “Аргументы и факты” знайшоў новы дом Алекс і атрымаў браню Сёма. Многія людзі перадаюць у Алешчаняты корм, лекі, цацкі для сабак. Тры пасылкі атрымалі з Германіі ад куратара Марыны, і гэта нягледзячы на каранцін і закрытыя межы.

Жыхарка Валожына, настаўніца Зінаіда Барысаўна Лужынская перадала ў фонды краязнаўчага музея 7 наручных гадзіннікаў, настольны будзільнік, падараваны ёй з мужам на вяселле, шмат школьных падручнікаў 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя, каляровых паштовак, прымеркаваных да розных дзяржаўных свят. Дарэчы, такі падарунак музею можа зрабіць практычна кожны жыхар раёна.

Найбольш цікавы экспанат – грыфельная дошка, на якой пісалі вучні ў польскай школе замест сшыткаў. Гэта рэч належыла маці Зінаіды Барысаўны. Маладому пакаленню будуць цікавы і 2 пёравыя ручкі, а таксама магазінная бутэлечка з-пад чарнілаў.