Пад Новы год мары здзяйсняюцца…

Общество

Тое, што дзеці – галоўная і неад’емная частка жыцця кожнага педагога, бясспрэчна. У сваёй працы мы імкнёмся зрабіць жыццё школьнікаў больш змястоўным і цікавым, укладаючы ў справу адукацыі ўсе свае здольнасці і талент. Школьнае жыццё – гэта не толькі будні. Яно вельмі разнастайнае і яркае. Штодзённая вучоба чаргуецца са святамі, сустрэчамі з цікавымі людзьмі, экскурсіямі, разнастайнымі мерапрыемствамі. Педагогі заўсёды побач з вучнямі ў розных жыццёвых абставінах. Шмат энергіі, новых цікавых ідэй укладаюць яны і ў дзіцячы адпачынак. І вельмі прыемна, калі на дапамогу прыходзяць добразычлівыя людзі. Усе дзеці сапраўды становяцца НАШЫМІ.

Асаблівы імпульс, які падштурхоўвае да новай актыўнасці ў пазнанні і выхаванні падрастаючага пакалення, даюць дабрачынныя акцыі, якія праводзяцца ў краіне. Марафонам дабра і сапраўдных цудаў можна без перабольшвання назваць рэспубліканскую навагоднюю акцыю “Нашы дзеці”. Прыгожымі колерамі засвяціліся пушыстыя ёлкі, заіскрыліся на вокнах навагоднія ўпрыгажэнні. Змянілася аблічча і нашай установы адукацыі. Здалёк вабяць, пераліваючыся рознакаляровымі агеньчыкамі, вокны школы, а снегавікі і прыветлівыя жыхары лесу гасцінна запрашалі на навагодняе свята. На ранішніку Дзед Мароз са Снягуркай і казачнымі героямі падарылі дзецям шмат весялосці і радасці, дазволілі апынуцца ў цудоўнай казачнай краіне. А як прыемна было знайсці там кожнаму салодкі падарунак – дзіцячая радасць была бясконцай!
Кіраўніцтва, педагагічны калектыў і вучні ДУА “Яршэвіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” выказваюць шчырую падзяку дырэктару КСУП “Пяршаі-2014” Віктару Іванавічу Шалашу за тое, што навагодняе свята было не толькі вясёлым, але яшчэ казачным і салодкім.
Прыемным падарункам стаў набор камп’ютарнай тэхнікі ад раённага выканаўчага камітэта. Вучні з радасцю прынялі персанальны камп’ютар са шматфункцыянальнай устаноўкай, якія так неабходны ў сучасным адукацыйным працэсе. У адказ гучалі шчырыя словы ўдзячнасці і абяцанне вучыцца старанна і паспяхова.

Ірына СУША,
педагог-арганізатар Яршэвіцкага НПК