Каляднае здарэнне

Общество

Калі ўзгадваеш гэтага чалавека і яго каляднае здарэнне, то на ўспамін прыходзіць добра знаёмы твор М. В. Гогаля “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі” (Ноч перад Ражджаством). Сапраўды, якія толькі дзівосы-здарэнні адбываюцца з людзьмі падчас святочных калядных гулянняў, а тым больш калі чалавек яшчэ знаходзіцца ў “святочным падпітку”.

У той год калядныя дзянькі былі марознымі, сонечнымі і ціхімі, а ночы – зоркава-светлымі і месячнымі. Навокал расцілаўся яшчэ не тоўсты, але ўжо добра зляжалы пластамі трывалы снег.

Герой здарэння – Хведар – сустрэў першы калядны дзень з сям’ёй за сталом. Пасля святочнага снядання вырашыў наведаць сваіх родных, якія жылі ў суседняй вёсачцы – за чатыры кіламетры ад яго хаты. Сабраўшыся і абуўшы для гэтай справы вырабленыя новыя белыя валёнкі, рушыў у дарогу. Шлях быў добры для зімовай пары – толькі снег рыпеў пад нагамі, ды і марозік даваў спору шпаркай хадзьбе. Неўзабаве ён апынуўся ў знаёмай хаце.

Хведар быў мужыком хваткім і дужым, тытунь не ўжываў, але калі на ягоным шляху ў святочны дзень траплялася лішняя чарка – не адкідаў, а пасля выпітага заставаўся трывалым у нагах. Разам з тым усім вядома, што лішняя чарка дурманіць, і тады ў галаве з’яўляецца свой “туман”.

Добра пагасцяваўшы і пакалядаваўшы ў родных, не прамінуўшы былых сяброў, Хведар значна запазніўся, але вырашыў вяртацца дахаты. Нягледзячы на светлую ноч, хадзьба ў яго была не такой шпаркай, ды і дарога яму ўжо здоўжылася. Падыходзячы да сваёй вёскі (а родная хата стаяла на ўскрайку і да яе ўжо было рукой падаць), ён вырашыў збочыць і пайсці напрасткі: заставалася толькі перайсці замёрзлую рачулку, заросшую кустамі вольхі, ускраек поля, дарогу – і ты ўжо дома.

 Апынуўшыся ў хаце апоўначы, жонка сустрэла з дакорам: маўляў, дзе яго так позна чэрці носяць? На што Хведар адказаў, што і сапраўды “носяць”. Адказ прагучаў настолькі пераканаўча, быццам гэта адбылося на самай справе. З яго слоў, спрасціўшы шлях і пераходзячы рачулку, адчуў, што нехта бязмоўны сказаў: “Чаму так позна ходзіш і адзін?” Азірнуўшыся наўкола, заўважыў “баб” у белым адзенні. Дзве з іх, вышэйшыя за яго, у балахонах перагарадзілі дарогу: галовы ўскудлачаныя, косы распушчаныя, доўгія, ніжэй за пояс, знізу ногі чорныя, самі зубастыя – страшныя-страшныя! Рагочуць: “Гы-гы-гы!” Прычапіліся да яго і рукі цягнуць, каб параздзяваць. Ад страху аж здранцвеў, а валасы на галаве дыбам сталі! Напэўна, з перапалоху, злаўчыўшыся, як даў адной, а пасля і другой валёнкам – аж у самога іскры з вачэй пасыпаліся – і яны ўвачавідкі рассыпаліся. Толькі тады змог вырвацца “з абдымкаў” і кінуўся наўцёкі. Хведар паспрабаваў прывесці яшчэ нейкія довады позняга бадзяння, але жонка рэзкім тонам прыпыніла яго гаворку, і на тым палеглі спаць.

 Ранічкай, як ні было цяжка на душы, Хведар падхапіўся з ложка, апрануўся і выбег на двор займацца гаспадарчымі справамі – каб толькі лішні раз не сустракацца з жонкай і не чуць яе лаянку. У гэты час яна паліла ў печы і рыхтавала сняданак, з нецярпеннем чакала світання і раз-пораз паглядала ў шыбы акна. Калі добра развіднела – выйшла з хаты. Хведар жа толькі гэтага і чакаў: хуценька зайшоў у хату, сеў за стол і пачаў за дзве шчакі ўплятаць ежу, адначасова паглядаючы ў акно – на той момант, калі з’явіцца жонка, каб зноў рынуцца з хаты.

 А жонка ў гэты час абышла двор і, заўважыўшы ланцужок Хведаравых слядоў ад валёнкаў, вырашыла крочыць па іх. Прайшоўшы садочак, праз дарогу, ускраек поля, падышоўшы да замёрзлай рачулкі, убачыла кусты вольхі, пакрытыя інеем. І толькі два з іх стаялі асірацела чорныя, а вакол – вытаптаныя на снезе сляды Хведаравых валёнкаў. Усё зразумеўшы і асэнсаваўшы, ледзьве вымавіла: “Ах, ты няшчымніца! Ах, ты валацуга-паўночнік! Я табе дам – “бабы”! Рашуча і з нецярпеннем рушыла назад у двор, а пасля ў хату. Хведар за прайшоўшы прамежак часу ўжо паспеў сысці з хаты, але часовае знікненне не дало яму спакою і суцяшэння. Па збегу абставін яму давялося выслухаць усё, што набалела ў жаночай душы. Яшчэ доўгі час ён атрымліваў кпіны ў свой бок.

 …Усё жыццё Хведар заставаўся Хведарам – добры працаўнік, чулы чалавек, але прыгоды і здарэнні не абыходзілі яго, а ён – іх. Але гэта ўжо іншыя гісторыі, увязаныя ці ўплеценыя непарыўна ў яго жыццё.

Склаў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў