Актывіст, камсамолец і адказны кіраўнік: жыццё і дзейнасць Уладзіміра Фёдаравіча КЛІШЭВІЧА былі яркімі і насычанымі

Люди и судьбы

 

Пасля Новага года Валожыншчына развіталася з яшчэ адным сваім слаўным сынам. Уладзіміра Фёдаравіча Клішэвіча можна смела так называць. Хоць нарадзіўся ён на Салігорскай зямлі, аднак усё багатае працоўнае жыццё прысвяціў нашай малой радзіме, намагаючыся зрабіць жыццё кожнага з яе жыхароў лепшым і цікавейшым…

Амаль 20 гадоў Уладзімір Фёдаравіч адпрацаваў на пасадзе кіраўніка спраў раённага выканаўчага камітэта. Мала хто можа ўявіць, наколькі адказная і сур’ёзная гэта справа. За дакументамі, многія з якіх носяць грыфы “Сакрэтна”, “Толькі для службовага карыстання”, “Тэрмінова” і патрабуюць як мага хутчэйшага рашэння, часта заседжваўся на рабоце дапазна. Затое дзяржаўная служба гэтага чалавека была бездакорнай. А яшчэ Уладзіміра Фёдаравіча выдатна памятае ўсё камсамольскае пакаленне валожынцаў. Падчас службы ў арміі (дарэчы, у нашай воінскай часці 30695) яго назначылі інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце. Пасля звальнення ў запас малады перспектыўны чалавек спачатку працаваў загадчыкам арганізацыйнага аддзела райкама ЛКСМБ, а затым – інструктарам арганізацыйнага аддзела Валожынскага райкама КПБ. Камсамольскае і партыйнае жыццё тады было надзвычай насычаным. Па ініцыятыве маладога кіраўніка і яго аднадумцаў часта праводзіліся раённыя суботнікі. У асноўным яны былі скіраваны на дапамогу сельскай гаспадарцы. Славіўся ў вобласці і валожынскі аператыўны атрад: яго ўдзельнікі рэгулярна арганізоўвалі эфектыўныя рэйды, патрулявалі вуліцы горада і іншых населеных пунктаў у вячэрні час. А ў 1985 годзе Уладзімір Фёдаравіч атрымаў і вышэйшую адукацыю, скончыўшы самую, бадай, элітную навучальную ўстанову краіны – Мінскую вышэйшую партыйную школу.

Здавалася б, перад выпускніком адкрываўся цэлы свет. Аднак Уладзімір Фёдаравіч застаўся верным кутку зямлі, на якім пачынаў працаваць. Ён вярнуўся на Валожыншчыну. З 1986 года У. Ф. Клішэвіч працаваў сакратаром выканкама раённага Савета народных дэпутатаў, а ў 1990-м быў назначаны кіраўніком спраў райвыканкама. З гэтай пасады ў 2009 годзе выйшаў на заслужаны адпачынак.

…Шмат хто можа расказаць пра гэтага актыўнага, жвавага чалавека, які не пасаваў перад цяжкасцямі і нават у самую няпростую хвіліну не губляў пачуцця гумару, сустракаў нападкі лёсу з усмешкай. Такім ён няхай і застанецца ў нашай памяці…

Сяргей САДОЎСКІ

Фота з архіва рэдакцыі