Лепшая ў спорце

Молодежный курьер Общество Спорт Ступені поспеху

 

10-класніца Івянецкай сярэдняй школы Надзея КАЛАНДАРАВА стала пераможцай абласнога конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2020” у намінацыі “Спартыўная дзейнасць”.

Ўрачыстае мерапрыемства па ўшанаванні лепшых школьнікаў Міншчыны прайшло 11 студзеня ў анлайн-фармаце. Яно стала шостым па ліку і завяршыла штогадовую навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”.

За перамогу ў конкурсе змагаліся 112 вучняў сталічнай вобласці ад 10 да 16 гадоў, але ўдастоіліся высокага звання толькі 25 школьнікаў – па адным з кожнага раёна і горада Жодзіна, а таксама з абласнога ліцэя і абласнога кадэцкага вучылішча. Сярод іх – пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, канферэнцый, конкурсаў і праектаў, спартыўных спаборніцтваў, лідары грамадскага і валанцёрскага руху, вучнёўскага самакіравання. Для ўдзелу ў конкурсе рабяты падрыхтавалі творчыя візіткі, у якіх адлюстравалі свае самыя яркія перамогі ў мінулым годзе. Лепшых вызначылі ў шасці намінацыях – вучэбнай, спартыўнай, грамадскай, творчай, праектнай і працоўнай дзейнасцях.

Н. Каландарава – неаднаразовы пераможца спартыўных спаборніцтваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню па лёгкай атлетыцы, вучаніца таленавітага трэнера, апантанага спартсмена з вялікім стажам і вопытам работы Аляксандра Станіслававіча Чарняўскага. Дзяўчына вельмі сур’ёзна адносіцца да заняткаў лёгкай атлетыкай, таварыская, працавітая, мэтанакіраваная. Яе жыццёвы прынцып: “Не памыляецца той, хто нічога не робіць”.

Пасведчанне “Вучань года Мінскай вобласці-2020” Надзеі ўручыла дырэктар школы Юзэфа Іосіфаўна Кулак, таксама яна атрымала салодкія падарункі ад Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

Шчыра віншуем таленавітую спартсменку з перамогай і жадаем новых поспехаў у спартыўнай дзейнасці!

Алена ЗАЛЕСКАЯ