Падарылі прастору для творчасці

Общество

Нядаўна ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН даставілі пасылку-сюрпрыз, адрасаваную наведвальнікам гэтай установы. У скрыні размясцілася сапраўдная паліграфічная міні-майстэрня: шматфункцыянальнае ўстройства для каляровага друку, ламінатар і брашуратар. Дабрачынным спонсарам выступіла ТАА «ІнсэпшнІнвест». 

З гэтай фірмай ТЦСАН і яго структурныя падраздзяленні звязваюць раней наладжаныя кантакты і сумесныя справы. З таварыствам з абмежаванай адказнасцю быў заключаны  кантракт па рамонце фасаду будынка аддзялення. Падчас выканання работ прадстаўнікі падрадчыка былі моцна і прыемна ўражаны сумеснай творчай дзейнасцю спецыялістаў і падапечных, іх цёплымі і прыязнымі адносінамі паміж сабой і навакольнымі. Яны заўважылі, як падабаецца людзям з інвалідасцю займацца творчасцю, якія яны шчаслівыя пры гэтым… Вынікам штодзённых сустрэч і стаў названы падарунак.

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва паведамілі, што ўжо хутка з’явяцца першыя работы, выкананыя з дапамогай паліграфічнага абсталявання – закладкі для кніг, блакноты, календары і іншая прадукцыя падобнага кшталту. А лепшыя ўзоры знойдуць сваіх пакупнікоў!

Трэба заўважыць, гэта не першая дапамога ад ТАА «ІнсэпшнІнвест» аддзяленню: летам мінулага года фірма перадала сюды 2 наўтбукі для заняткаў у камп’ютарным кружку. Ад адрасатаў спонсару – шчырая падзяка за добрыя справы і цёплыя сэрцы.

Сяргей САДОЎСКІ