Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

З 21 па 31 снежня ўключна ў Валожыне працаваў елачны базар. Лясных прыгажунь розных памераў сюды дастаўлялі з усіх лясніцтваў, акрамя Румскага.

Да Новага года і калядных свят былі прададзены 1074 елкі на суму 17 тысяч рублёў. У Мінску прадстаўнікі Валожынскага лясгаса апошнія гады не гандлявалі.

Тое, што раней было звыклым, напрыклад, гаспадаркі раёна куплялі на святы ласункі для падшэфных школ і дзіцячых садкоў, цяпер стала выключэннем, рэдкасцю.

Таму дырэкцыя ВПК Пяршайскі дзіцячы сад-сярэдняя школа вырашыла падзякаваць праз газету кіраўніцтву КСУП “Пяршаі-2014” за выдзеленыя 30 кілаграмаў цукерак. 112 дашкольнікаў і вучняў не засталіся без падарункаў.

З 30 снежня 2020 года прыступіла да работы ўрач-эндакрынолаг Аксана Алегаўна Ацясленка.

Урач агульнай практыкі прайшла адпаведную перападрыхтоўку і стала вузкапрофільным спецыялістам. Дарэчы, вельмі запатрабаваным.

З пачатку бягучага года ў ЗАГСе зарэгістраваны 4 першыя новыя жыхары Валожына.

З чатырох немаўлят дзве дзяўчынкі – Ева і Дар’я і два хлопчыкі – Мікіта і Аляксей. Самы багатыр сярод іх – Мікіта. Пры нараджэнні хлопчык важыў 3870 грамаў і яго рост 55 сантыметраў, ён другое дзіця ў сям’і. Дарэчы, двое з нованароджаных – першынцы.

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы на спецыяльных паліцах разгорнута фотавыстава “Зімовыя пейзажы” даўняга сябра ўстановы Віктара В.

Там змешчаны 13 каляровых фатаграфій беларускіх краявідаў, цара пушчы – зубра, а таксама зімовыя пейзажы ў вялікім горадзе.

 З 3 студзеня заехалі на аздараўленне ў Уздзенскую санаторную школу-інтэрнат 7 вучняў нашага раёна: 6 з Ракаўскай СШ і 1 – з Дорскага ВПК. Змена будзе доўжыцца 21 дзень.

А вось у Старабарысаўскай і Маладзечанскай санаторных школах вучні будуць праходзіць аздараўленне ўсю трэцюю чвэрць. З 10 студзеня ў Старабарысаўскую школу адправіўся вучань з СШ № 1 райцэнтра, у Маладзечанскую – вучні гімназіі № 1 і Дорскага ВПК.

 У апошнія гады бібліятэкі карыстаюцца ў жыхароў раёна ледзь не большай папулярнасцю, чым раней. Друкаваныя кнігі, перыядычныя выданні сталі дарагім задавальненнем. А ў бібліятэцы заўсёды можна пазнаёміцца з навінкамі літаратуры, пачытаць свежыя газеты і часопісы.

З пачатку года ў вялікія выхадныя многія дарослыя і юныя чытачы здзейснілі культпаход у бібліятэку. На 12 студзеня ў раённай бібліятэцы пабывалі 319 чытачоў, якія ўзялі кнігі на абанементы. Абанемент за нумарам 1 дастаўся жыхарцы Валожына Вользе Мікалаеўне Корж. У чытальнай зале пабывалі 215 наведвальнікаў. У дзіцячай бібліятэцы абанемент за № 1 цяпер у вучаніцы 4 класа гімназіі Маргарыты Харчанка. Дзяўчынка адна з самых актыўных чытачоў бібліятэкі. На канікулах бывала тут амаль штодня. 277 чытачоў наведалі бібліятэку за першую дэкаду месяца, у чытальнай зале перарэгістраваліся 270 чытачоў.

Сталі вядомы вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка”, які праходзіў летась у рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. На абласны этап былі прадстаўлены 30 дзённікаў падарожнікаў: 16 работ інфармацыйна-публіцыстычнага жанру і 14 малюнкаў.

Дыпломам другой ступені ў намінацыі “Гісторыя адной вандроўкі” адзначана работа вучаніцы 7 класа гімназіі № 1 г. Валожына Лізаветы Васілеўскай (кіраўнік – настаўніца геаграфіі С. В. Федарака). Дыплома трэцяй ступені ўдастоена работа дзевяцікласніцы Пяршайскага ВПК Дзіяны Чарвінскай (кіраўнік – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Г. М. Арцішэўская) у намінацыі “Замалёўка вандроўца”. Юная мастачка адлюстравала хутар Лапіцы, які пацярпеў ад рук карнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.