Веды і інтэлект дапамогуць перасягнуць адзін аднаго

Молодежный курьер Общество

З 11 па 15 студзеня ў краіне праходзіць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У зборную каманду Валожыншчыны ўвайшлі 12 школьнікаў, якія ўжо атрымалі перамогу на раённым узроўні. Больш за ўсё прадстаўнікоў гімназіі № 1 г. Валожына – 7 чалавек, па 2 – з першай і другой гарадскіх школ, 1 – з Івянецкай адзінаццацігодкі. Юныя таленты будуць спаборнічаць па 7 прадметах: матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, фізіцы, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, рускай мове, працоўным навучанні.

Як адзначылі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, сёлета склад удзельнікаў істотна абнавіўся і значна “памаладзеў”. У прыватнасці, на ўзроўні  старшакласнікаў свае веды паказваюць вучні 7-8 класаў. Так, сямікласнік гімназіі Аляксей Болвах прыме ўдзел у алімпіядзе па інфарматыцы поруч з гімназістам выпускнога класа Іллёй Таўгянём. Рыхтавала іх настаўніца інфарматыкі Таццяна Леанідаўна Барахоўская. На алімпіяду па працоўным навучанні паехалі дзве вучаніцы першай гарадской школы: васьмікласніца Алена Рубан і неаднаразовая пераможца абласных спаборніцтваў, адзінаццацікласніца Ганна Радзівілка. Выкладае гэты прадмет настаўніца Іна Леанідаўна Кербедзь.

Вучаніца 9 класа гімназіі Дар’я Вайцяхоўская, мінулагодняя ўладальніца дыплома 3-й ступені на вобласці, а таксама гімназістка 10 класа Софія Курбацкая паспаборнічаюць за званне лепшых матэматыкаў. Іх падрыхтоўкай займалася Ірына Уладзіміраўна Уланчык. Юных хімікаў-гімназістаў – дзевяцікласніка Усевалада Маляўкіна і дзесяцікласніцу Ульяну Ціганіну – навучала прадмету Таццяна Анатольеўна Лябёдка. А яе калега з СШ № 2 г. Валожына Таццяна Вячаславаўна Халявінская падрыхтавала дзевяцікласніцу Святлану Радзівіла.

Выпускнік гімназіі Аляксандр Латышаў пакажа свае веды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Яго навучаннем займалася Ірына Мечыславаўна Рыцікава. Вучаніцу 9 класа другой гарадской школы Настассю Іода па прадмеце руская мова рыхтавала настаўніца Валянціна Антонаўна Стэльмах, а адзінаццацікласніка Івянецкай сярэдняй школы Іллю Дашко па фізіцы – Алена Вікенцьеўна Ламака.

Усяго сёлета ў абласных прадметных алімпіядах прымуць удзел 925  вучняў, якія прадэманструюць веды па 18 вучэбных прадметах. Базамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў школьнікаў сталічнага рэгіёну стануць установы адукацыі Жодзіна, Дзяржынска, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Салігорска, Чэрвеня і Мінска.

Ацэньваць выкананне вучнямі алімпіядных заданняў будзе канпетэнтнае журы, у склад якога ўваходзяць 176 выкладчыкаў: спецыялісты НАН Беларусі, БДУ, педагагічнага, політэхнічнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў, універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, настаўнікі школ вобласці і сталіцы.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды вызначыцца склад каманд Мінскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Пажадаем рабятам упэўненасці ў сваіх сілах, добрага настрою і поспеху!

Алена ЗАЛЕСКАЯ