Пра маці, працу і час

Люди и судьбы

 

Скрып калодзежнага жорава, вясёлая пераклічка вясковых сабак, рыканне кароў, іржанне коней ды кукарэканне пеўняў – нястомных прадвеснікаў вясковага рання напаўнялі марознае паветра студзеня 1941 года… Але, не. Яшчэ – галасы людзей, якія за ўсім гэтым па-гаспадарску, з любоўю сачылі-даглядалі, надаючы правільны кірунак цячэнню часу.

Менавіта ў гэту суровую пару ў сям’і сталяра Аляксандра Адамавіча і сялянкі Ганны Емяльянаўны Гардзеяў нарадзілася дачка – пятае па ліку дзіця. Імя ёй далі Ніна.

Нарадзіўшыся, чалавек трапляе ў нейкае асяроддзе, якое складаецца не толькі з сям’і. Такім асяроддзем для дзяўчынкі стала тая частка Беларусі, што ўсяго паўтара года таму была тэрыторыяй Польшчы – менавіта самай усходняй яе ўскраінай, і ў імгненне ператварылася ў заходнюю ўскраіну ўжо іншай дзяржавы. Кардынальныя змены досыць балюча адбіваюцца на людзях, на іх лёсах. А калі гэта выпрабаванне не адзінае? Калі за ім ідзе новае, яшчэ больш жорсткае і балючае? “Адна бяда не ходзіць”, – так кажуць у народзе. Прыйшла вайна. Яна збірае даніну не абы- чым, а чалавечымі жыццямі. Так, у 1944-м трагічна загінулі старэйшыя дзеці Гардзеяў – Надзея і Мікалай, пасля прапаў без вестак Міхаіл.

Неяк не так даўно мая маці, а менавіта аб ёй ідзе гаворка, Ніна Аляксандраўна Гардзей (у замужжы Раманчык) падзялілася са мной асабістай высновай той пары, сказаўшы: “У мірны час чалавечае жыццё не так многа каштуе, а ў вайну яно не каштуе нічога”.

Скончылася вайна. Не было ў іх вёсцы Бакшты, што ў бок Ракава, ні салютаў, ні ўсёй той радасці перамогі, якую мы ведаем па кінастужках, а было жыццё ў нястомнай сялянскай працы і клопатах. І так дзень за днём, год за годам. Менавіта яно і стала самым важным і патрабавальным настаўнікам. Вучоба ў школе і навучанне кравецкай справе не падобныя на сённяшнюю вучобу школьнікаў і авалоданне прафесіяй – гэта таксама была праца.

Але час бярэ сваё. І хлопец з суседняй вёскі Крапіўнікі Аляксей Раманчык упадабаў сціплую, працавітую і прыгожую дзяўчыну. Далей – сваты, вяселле і вось ужо трое дзетак, а ёй яшчэ няма і 25-і. І зноў праца ад золку да цямна, праца без усялякіх свят, праца, нават калі ты хворы.

Падросшы, мы таксама ўключыліся ў кола паўсядзённых сялянскіх клопатаў, у кожнага былі свае абавязкі. Цяпер разумею, што гэта адыграла вельмі важную ролю ў нашым станаўленні, бо прыклад бацькоў не трэба шукаць у тэлевізары ці інтэрнэце – ён з табой “устае і кладзецца”.

Мянялася калгаснае жыццё. У вёсцы стварылі ферму, і маці даіла больш за дваццаць кароў уручную тры разы на дзень. Затым прыйшла механізацыя, але па-ранейшаму даводзілася падымацца сярод ночы, бо адной з яе падапечных прыйшла пара ацяліцца. Ды і асабістая гаспадарка, без якой на вёсцы нельга было абысціся, забірала шмат сіл. Ужо незадоўга да пенсіі, калі ў вёсцы, дзякуючы тагачаснаму кіраўніку калгаса Сямёну Шарэцкаму, адкрылі магазін, маці запрасілі папрацаваць прадаўцом.

Выраслі дзеці, атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі свае сем’і, падарылі бабулі шасцярых унукаў, а яны, у сваю чаргу, праўнукаў – траіх хлопчыкаў ды чатырох дзяўчынак, малодшай з якіх усяго некалькі месяцаў.

… Людзі вынайшлі мноства адзінак у розных галінах – нават адлегласць да далёкіх зорак вылічылі. Але няма адзінкі вымярэння, якой можна было б дакладна ацаніць колькасць працы простага чалавека.

І яшчэ. Шмат дзе запалены “Вечны агонь невядомаму салдату”. А вось “Вечны агонь невядомаму працаўніку”, дзякуючы якому існуе ўсё тое, што патрэбна было абараняць, і тое, што мы маем сёння, я яшчэ не сустрэў нідзе. Таму застаецца несці ў сваім сэрцы вечны агонь удзячнасці маці за ўсе 80 гадоў яе нястомнай працы!

Вось так незвычайна, глыбока і асэнсавана, ад усёй душы вырашыў павіншаваць самага дарагога чалавека на зямлі – любую матулю – з юбілейным днём нараджэння ўраджэнец вёскі Крапіўнікі Аляксандр РАМАНЧЫК. Ён асабіста завітаў у рэдакцыю і прынёс гэты ліст. Аляксандр Аляксеевіч – даўно сталічны жыхар: там жыве яго сям’я, дзеці і ўнукі. Але з гадамі сэрца ўсё часцей кліча на маленькую радзіму, таму ў бацькоўскай хаце ён не рэдкі госць, а стараецца прыязджаць як мага часцей. Ужо 14 гадоў, як няма бацькі, а маці адна, па словах аўтара, “паціху гаспадарыць”.

У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Крапіўніках было пад сорак хат, зараз засталіся 4 карэнныя жыхары. Але жыццё тут адраджаецца – і гэта вельмі радуе. На пастаяннае месца жыхарства сюды пераехалі тры сям’і: дзве пабудавалі новыя дамы, а адна набыла колішнюю сядзібу. Яны не нашчадкі “крапіўніцкіх”, прыехалі зусім з іншых мясцін, аднак прэтэндуюць на статус мясцовых. Людзі прыжываюцца, стараюцца наладзіць стасункі з “аксакаламі”. Будучыня маленькіх вёсачак менавіта за імі.