Крычыць, лае, збіць пагражае…

Закон и порядок

Гэта яўная прыкмета насілля ў сям’і. За падобнае давядзецца адказваць перад законам – у адміністрацыйным ці крымінальным парадку.

Як паведаміў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Сяргей Латышаў, з 6 па 10 студзеня бягучага года ў раёне праводзіўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на папярэджанне злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Супрацоўнікі праваахоўных органаў наведалі асоб, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, сем’і ў сацыяльна-небяспечным становішчы, састарэлых, хто жыве з раней судзімымі сваякамі – пабывалі ў 163 чалавек. Падчас візітаў выявілі 6 фактаў, якія апісаны ў частцы 2 артыкула 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь (нанясенне пабояў, прычыненне фізічных ці псіхалагічных пакут, парушэнне ахоўнага прадпісання). «Гарачыя галовы» былі дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання і дастаткова хутка там астылі, павінаваціліся і перад міліцыянерамі, і перад сваімі другімі палавінкамі.

Да ведама. Меры ахоўнага прадпісання прымяняюцца ў адносінах да скандалістаў-«паўторнікаў». Іх абавязваюць пакінуць сваё жыллё і сем’і на 30 сутак. Калі гэта патрабаванне чалавек не выконвае або парушае, названы тэрмін ён прымусова правядзе ў ІЧУ.

Калі чалавек 3 і больш разоў прычыніў цялесныя пашкоджанні блізкаму сваяку, яго дзеянням даецца прававая ацэнка ў рамках крымінальнага заканадаўства. Згодна з артыкулам 154 Крымінальнага кодэкса, мерай адказнасці ў такім выпадку становіцца абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Пакаранне па артыкуле 186 КК больш суровае. Калі грамадзянін выказвае намер забіць, прычыніць цялесныя пашкоджанні ці знішчыць маёмасць, і пры гэтым яго словы пацвярджаюцца дзеяннем (трымае ў руках нож, палку, каністру з палівам і г. д.), а яго блізкі сваяк рэальна непакоіцца за сваё жыццё, забіяку чакаюць грамадскія работы, або штраф, або папраўчыя работы, або пазбаўленне волі да 2 гадоў.

Наш кар.