Спаборніцтвы…усё ж такі адбыліся!

Молодежный курьер Спорт Ступені поспеху

 

 

2020 год запомніцца многімі пераменамі, што кардынальна змянілі наша жыццё. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй былі абмежаваны ўсе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку і спаборніцтвы. А іх, на жаль, практычна немагчыма правесці ў рэжыме анлайн. Тым больш дарагімі для юных спартсменаў сталі спаборніцтвы, якія ўсё-такі адбыліся.

    Зімовае першынство ДЮСШ Валожынскага раёна па плаванні сабрала шмат юных удзельнікаў, якія прадэманстравалі спартыўны характар і добрыя вынікі. А яшчэ зусім нядаўна юных плыўцоў у раёне практычна не было, пакуль не адкрыўся басейн. Спартсмены былі разбіты на ўзроставыя падгрупы: юнакі і дзяўчаты 2007-2008 гадоў нараджэння, 2009-2010, 2011 і маладзейшыя.

    У першай узроставай катэгорыі тройкі прызёраў размеркаваліся наступным чынам. Сярод дзяўчат лепшы вынік паказала Дар’я Поль, другі і трэці – Ульяна Макеева і Надзея Ліштван. Сярод юнакоў Андрэй Нахай прадэманстраваў лепшы вынік, другое і трэцяе месцы занялі Максім Жуковіч і Максім Клачко.

    У наступнай узроставай катэгорыі сярод дзяўчынак першынствавала Мілена Кароль. У тройцы прызёраў таксама Марыя Цяшкевіч і Анастасія Аляксандрава. У хлопчыкаў лепшым быў Аляксей Аліеў, на другім і трэцім месцах – Арсеній Пачыкоўскі і Кірыл Жук. Сярод дзяўчынак 2011 года нараджэння і маладзейшых лепшы вынік на рахунку Маргарыты Харчанка, другі і трэці вынік прадэманстравалі на дарожцы Арына Бацян і Аляксандра Шурыгіна. Сярод хлопчыкаў лепшым быў Мацвей Сак, другі і трэці вынікі ў Веньяміна Яску і Ягора Вараб’я.

12 выхаванцаў нашай ДЮСШ прынялі ўдзел у адкрытым першынстве па дзюдо спартыўнага клуба “Эверэст” у Мінску. На спаборніцтвы “Моцны арэшак” з’ехаліся 350 удзельнікаў.

Лепшы вынік сярод членаў нашай каманды на рахунку Крысціны Трашчынскай, якая заняла трэцяе месца ў вагавой катэгорыі да 29 кілаграмаў. Пятае месца ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Віктар Кісліцкі (да 35 кг), Мікіта Белаблоцкі (да 29 кг) і Дзмітрый Васілеўскі (да 32 кг).

Рабят трэніраваў і рыхтаваў да спаборніцтваў Віктар Эрнставіч Міцкевіч.

27-28 снежня мінулага года на базе Валожынскай ДЮСШ прайшоў адкрыты турнір па настольным тэнісе памяці В. Клачко. У ім прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты 2004-2007 гадоў нараджэння, 2008-га і маладзейшыя з Валожына, Барысава, Дзяржынска і Узды.

Лепшай сярод нашых дзяўчат у старэйшай групе была Лізавета Сучкевіч, якая заняла трэцяе месца. Яна прапусціла наперад Аліну Абозную з Узды і Еву Князеву з Барысава. Сярод юнакоў 2004-2007 гадоў нараджэння першынстваваў наш зямляк Мікалай Шчогалаў. Другую і трэцюю прыступкі п’едэстала гонару занялі Іван Гармаза з Дзяржынска і Ілля Самсонаў з Барысава.

 У малодшай падгрупе сярод дзяўчат перамогу святкавала юная тэнісістка з Дзяржынска Мілана Шут, яе зямлячка Марыя Смаргова была трэцяй. Другое месца на рахунку валожынкі Надзеі Гедроіць. Сярод малодшых хлопчыкаў лепшы вынік паказаў Шаргон Кіемедзінаў з Барысава, другі і трэці – Яраслаў Аксяненка з Дзяржынска і Максім Пілікевіч з Узды.

 З разгромным лікам 13:4 юныя валожынскія футбалісты перайгралі сваіх равеснікаў са спецыялізаванай ДЮСШ г. Маладзечна. Матчавая сустрэча па міні-футболе прайшла 30 снежня. Лепшага навагодняга падарунка свайму трэнеру Аляксандру Пятровічу Кавязу яны зрабіць проста не маглі. Шчаслівыя былі ўсе: ігракі, іх бацькі, якіх на гульню сабралася даволі шмат, і, зразумела, трэнер, што хваляваўся не менш за падапечных, бо гэта была іх першая сапраўдная гульня. Ад нецярпення і жадання хутчэй выйсці на поле ўдзельнікі матчу прыйшлі ў ФАК за дзве гадзіны да пачатку гульні. Так ім хацелася прадэманстраваць свае навыкі.

 У спаборніцтвах прымалі ўдзел аматары футбола, якія толькі пачынаюць спартыўны шлях, хлопчыкі 2012 года нараджэння. Ды і каманда збіралася з цяжкасцю: многія хварэлі, некаторыя паехалі на канікулы да бабуль-дзядуляў. Ледзь назбіралася 6 ігракоў і адзін на замену. А ў сапернікаў між тым было некалькі саставаў, якія мяняліся на полі па некалькі разоў за ігру. Толькі гэта ім не дапамагло, пра што сведчыць унушальны пераможны лік каманды цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. Юныя валожынцы на чале з капітанам-гімназістам Дзмітрыем Пупа пераўзышлі самі сябе.

Лепшымі ігракамі ў нашай камандзе па выніках гульні прызнаны першакласнік СШ № 1 райцэнтра Максім Тарасевіч і другакласнік гімназіі № 1 Мікіта Вількоўскі. Яшчэ адна цікавая дэталь: капітан каманды сапернікаў Арсеній Гелда свой спартыўны шлях пачынаў у Валожыне менавіта пад кіраўніцтвам А. П. Кавязы. Выдатны пераднавагодні настрой стаў для хлопчыкаў матывацыяй трэніравацца больш, каб паказваць добрыя вынікі.

 З 5 па 6 студзеня ў Мінску прайшла спартакіяда Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 і 2006-2007 гадоў нараджэння, якія прадстаўлялі ДЮСШ і СДЮШАР. У турніры прынялі ўдзел 17 каманд і каля 400 спартсменаў. Напружаная барацьба разгарэлася ва ўсіх відах і на ўсіх дыстанцыях. Кожны ўдзельнік імкнуўся паказаць найлепшы вынік.

Сярод членаў нашай каманды вызначыліся Дар’я Маліноўская, якая першынствавала на дыстанцыях 1500 і 3000 метраў, і Аляксандр Ждан, што заняў першае месца ў спартыўнай хадзе на 3 і 5 кіламетраў. У спартыўнай хадзе на 2 кіламетры лепшай была Ганна Юрыс, а ў безе на дыстанцыі 1500 метраў дзяўчына паказала другі вынік.

Падчас зімовых канікулаў, 9 студзеня, прайшло адкрытае першынство ДЮСШ па дзюдо сярод школьнікаў 2008-2012 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 40 пачынаючых дзюдаістаў. Нягледзячы на марозны дзень, у зале было дастаткова горача ад паядынкаў, азарту і перажыванняў родных, якія прыйшлі пахварэць за сваіх дзяцей і ўнукаў. А тыя штораз дэманстравалі сапраўдны байцоўскі характар.

Вось імёны пераможцаў: валожынцы Антон Рудовіч, Захар Сухадолец, Мікіта Анісовіч, Глеб Зубовіч, Арцём Насовіч, Ангеліна Юрэвіч, Лізавета Ярашэвіч і Юрый Пратасевіч з аграгарадка Пяршаі. Да таго ж Лізе Ярашэвіч (спартыўны клуб “Вітаўт”) і Глебу Зубовічу (ДЮСШ) былі ўручаны прызы за лепшую тэхніку. А ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі салодкія прызы ад СК “Вітаўт”.

Наталля ШТЭЙНЕР