Сацпадтрымка, медыцына і падаткі — якія прапановы паступаюць праз сайт Усебеларускага народнага сходу

VI Усебеларускі народны сход

Праз сайт Усебеларускага народнага сходу vsebel.by паступіла ўжо больш за 300 прапаноў, людзей цікавяць тэмы сацпадтрымкі, медыцыны, падаткаабкладання. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Апарату Савета Міністраў Валерый Астравумаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Рабочая група па прыёме і апрацоўцы прапаноў ужо займаецца аналізам прапаноў, якія паступаюць у электронным выглядзе на адрас VI Усебеларускага народнага сходу на сайце vsebel.by. Актыўнасць грамадзян прыемна здзіўляе, паступіла ўжо больш за 300 прапаноў», — расказаў Валерый Астравумаў.

«Гэта пытанні дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг, пытанні адукацыі, развіцця эканомікі, падаткаабкладання і змянення заканадаўства», — растлумачыў прадстаўнік Апарату Саўміна.

Паводле яго слоў, з прапановамі звяртаюцца людзі розных прафесій і ўзростаў. «Гэта прадстаўнікі сацыяльнай сферы, рэальнага сектара эканомікі. Прапановы ідуць і ад ветэранаў, і ад моладзі», — адзначыў ён.

Найбольш актыўныя жыхары Мінска — ад іх больш за палову зваротаў. Менш за ўсё прапаноў ад рэгіёнаў пакуль з Мінскай вобласці.

Прапановы наконт грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны накіруюць у рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні VI УНС. «Пытанні, якія датычацца ЖКГ, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, будуць накіроўвацца ў адпаведныя рэспубліканскія органы дзяржкіравання, мясцовыя органы, iншыя арганiзацыi для рэагавання і наступнага вырашэння», — удакладніў Валерый Астравумаў.

Як расказала начальнік упраўлення справаводства Апарату Саўміна Наталля Шасцілоўская, у рабочай групе па прыёме і апрацоўцы прапаноў — 14 чалавек. «Асноўная мэта нашай групы — каб любыя канструктыўныя прапановы былі разгледжаны і накіраваны для далейшага аналізу, — адзначыла яна. — Асабліва радуюць канкрэтныя прапановы: як нешта палепшыць, як паглядзець на праблему з іншага ракурсу».