Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

На мінулым тыдні завяршылася Рэспубліканская акцыя “Прафсаюзы – дзецям”. Шмат добрых спраў і на рахунку райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які ўзначальвае М. М. Камінская.

Каля 18 тысяч рублёў было выдаткавана на навагоднія салодкія падарункі дзецям членаў прафсаюза, на білеты на святочнае прадстаўленне ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску, дзе пабывалі 10 чалавек, і на падарункі дзецям, якія займаюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пэўная сума была выдаткавана і самому цэнтру на неабходныя патрэбы. Таксама Дзед Мароз са Снягуркай і члены маладзёжнага савета праз РК прафсаюза наведалі выхаванцаў сямейнага дзіцячага дома ў райцэнтры.

Прафсаюзы шукаюць і новыя формы работы.

Мінскі абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўпершыню выдаткаваў 7 сертыфікатаў дзецям-інвалідам, чые бацькі працуюць у сферы адукацыі, на наведванне абласнога цэнтра коннага спорту. Сертыфікат сапраўдны на працягу 9 месяцаў. Бацькі самі вырашаць, калі дзеці пазнаёмяцца з работай цэнтра коннага спорту.

Наш раён выканаў і нават перавыканаў Дзяржзаказ па зборы другаснай сыравіны ў 2020 годзе.

Пры плане на кардон і паперу 576 тон арганізацыі і прадпрыемствы фактычна сабралі 708,3 тоны. Перакрылі заданне на 23 працэнты. Бою шкла сабралі 478,8 тоны пры заказе 414,7 тоны, што склала на 15,5 працэнта больш. Асабліва вызначыліся РУП “Валожынскі жылкамунгас” і ТДА “Еўрагандаль”, якія перавыканалі даведзенае заданне на 5,3 і 8,3 працэнта.

Добра папрацавалі летась і прыёмшчыкі другаснай сыравіны РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Яны не толькі паспяхова справіліся з дзяржзаказам, як бачна вышэй, але і вызначыліся са зборам і іншых відаў другаснай сыравіны.

Увогуле сабрана другасных матэрыяльных рэсурсаў (акрамя металалому і каляровых металаў) 1 тысяча 22 тоны. У тым ліку зношаных шын – 81,5 тоны (план 75 тон), складанай бытавой тэхнікі – 42,8 тоны (40,5 т), адпрацаванага масла – 3,5 тоны (3,5 т). Лому і адходаў чорных металаў сабрана 62,2 тоны пры даведзеным заданні 54 тоны, лому каляровых металаў – 273 кілаграмы пры заданні 200 кг. Не выканана толькі планавае заданне па палімерных адходах, якіх сабралі 111,3 тоны.

За сродкі раённага бюджэту ў лістападзе-снежні мінулага года значна папоўнілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі.

У сярэдняй школе № 2 райцэнтра з’явілася пасудамыечная машына коштам амаль 4 тысячы рублёў і 6 пар гандбольных варотаў, а таксама медыцынская кушэтка. У Багданаўскім ВПК – пральная машына “Атлант”. Для Суднікаўскай і Ракаўскай сярэдніх школ набыты камп’ютарныя класы на 6 і 12 месцаў з поўнай аснашчанасцю: камп’ютары, наўтбук і шматфункцыянальная ўстаноўка. Кошт іх адпаведна 7760 і 12800 рублёў.

З 12 студзеня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праходзіць змена “Кнігалюбы пакараюць “Зубраня”.

На змене прысутнічаюць тры вучні Пугачоўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Гэта шасцікласнікі Ілона Равяка, Максім Цішэвіч і Арцём Мацкевіч.

10332 чалавекі наведалі ў 2020 годзе Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Музейныя работнікі арганізавалі 28 выстаў, з іх 8 – па-за музеем, правялі 44 культурна-адукацыйныя мерапраемствы.

Новы год пачалі з расказу ў сацыяльных сетках пра любімыя экспанаты. Першымі сталі 2 плюшавыя мядзведзікі пасляваеннага часу. Іх перадалі музею жыхаркі пасёлка Марыя Іосіфаўна Явід і Алена Міхайлаўна Каўрыга. Таксама запісалі на відэа для размяшчэння ў сацсетках батлеечны спектакль “Цар Ірад”. Прапагандаваць народныя традыцыі мяркуюць з размяшчэння на розных сайтах майстар-класаў.

Член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жызнеўская не так даўно атрымала добрую вестку з Бішкека.

На імя паэткі прыйшло Падзячнае пісьмо за актыўны ўдзел у паэтычным конкурсе “Пра маму”, які праводзіўся ў Кыргызстане.