Трапныя, вынослівыя, умелыя:

Молодежный курьер Спорт

 14 студзеня на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына прайшоў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Снежны снайпер».

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 15 каманд устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Юных спартсменаў прывітала на цырымоніі адкрыцця начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала. Інтарэс да мерапрыемства праявілі старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч і намеснік старшыні Ігар Уладзіміравіч Шакун: наведаўшы спаборніцтвы, яны падтрымалі юнакоў і дзяўчат падчас гонкі.

У біятлонную барацьбу ўступілі тры рознаўзроставыя дывізіёны. Старэйшая група пераадольвала дыстанцыю ў 3 кіламетры з двума агнявымі рубяжамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі сярэдняй узроставай групы беглі 2,4 кіламетра з двума агнявымі рубяжамі. Для самай малодшай узроставай групы была падрыхтавана дыстанцыя 1,8 км. Адстрэльваліся яны таксама два разы.

Нельга сказаць, што ўдзельнікам гонка далася лёгка: фактычна, гэта першы трывалы снег у бягучым годзе, таму навыкі лыжнага бегу рабятам давялося аднаўляць і замацоўваць прама падчас спаборніцтваў. Тым не менш, з задачай справіліся ўсе. А вось паказалі лепшыя вынікі і, адпаведна, прызавыя месцы занялі наступныя вучні:

у старэйшай узроставай групе сярод юнакоў 2005-2006 г. н. першае месца заняў Максім Грынкевіч з Ракаўскай СШ, другое – Данііл Бункевіч з СШ № 2 г. Валожына. Тройку прызёраў замкнуў Уладзіслаў Ладэсаў з Пугачоўскага сада-школы.

Лепшымі сярод дзяўчат 2005-2006 г. н. сталі Яна Кагал з Івянецкай сярэдняй школы, Лізавета Ліпніцкая з СШ № 2 г. Валожына і Анастасія Тарасевіч (Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс).

Залатымі прызёрамі ў сярэдняй узроставай групе (2007-2008 г. н.) сталі Герман Яновіч (Суднікаўская СШ) і Анастасія Фядосава (СШ № 2 г. Валожына), сярэбранымі – Мікіта Станкевіч (СШ№ 2 г. Валожына) і Анастасія Барышчук (Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс), а бронзавымі – Антон Рудовіч (гімназія № 1 г. Валожына) і Віялета Сяўрук (Суднікаўская СШ).

У малодшай узроставай групе (2009-2010 г. н.) самыя дастойныя вынікі паказалі хлопчыкі Аляксандр Гарбачэўскі (Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс), Яраслаў Круцько (Івянецкая СШ), Кірыл Емельяновіч (СШ №  1 г. Валожына) і дзяўчынкі Аэліта Жалток (Івянецкая СШ), Дар’я Конаўка (Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс) і Алена Матус (СШ № 2 г. Валожына).

У агульнакамандным заліку першую прыступку п’едэстала гонару заняла каманда СШ № 2 г. Валожына, другую – вучні Івянецкай СШ, трэцюю – каманда Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу.

Віншуем пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў і нагадваем, што лепшыя спартсмены-біятланісты ўвойдуць у склад зборнай каманды і прадставяць наш раён на абласным этапе спаборніцтваў «Снежны снайпер».

Фота Сяргея САДОЎСКАГА і Валянціны БАШАРКЕВІЧ