«Наш абавязак – выступаць аванпостам паміж бядой і людзьмі», – перакананы работнікі ПАВП № 15

Общество

Дзень і ноч нясуць нялёгкую службу выратавальнікі. На пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 15 у вёсцы Сакаўшчына працуе калектыў сапраўдных прафесіяналаў. Работнікі розныя па ўзросце, па інтарэсах, але аб’яднаны мэтай зрабіць жыццё навакольных максімальна бяспечным і аказаць пры неабходнасці кваліфікаваную дапамогу.

Кіруе асабовым складам паста старшы прапаршчык унутранай службы Андрэй Башаркевіч (на здымку зверху). Працоўны шлях ён пачаў у ліпені 1995 года на пасадзе камандзіра аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 у Подберазі, але хутка быў пераведзены ў Сакаўшчыну. За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў дзейнасці Андрэй Анатольевіч узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені, нагруднымі знакамі «Выдатнік», «15 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях», «155 гадоў пажарнай службе Беларусі» і «165 гадоў пажарнай службе», юбілейным медалём «160 гадоў пажарнай службе Беларусі».

– У нас невялікі, але вельмі дружны калектыў.
Камандзір аддзялення прапаршчык унутранай службы Міхаіл Юкавец і вадзіцель – прапаршчык унутранай службы Казімір Краскоўскі – два вопытныя выратавальнікі-прафесіяналы, згуртаваны дуэт: служаць разам з кастрычніка 1998 года
– такімі думкамі падзяліўся Андрэй Анатольевіч.

– Выязджаючы на пажар, трэба заўсёды быць падрыхтаваным да самых нестандартных сітуацый. Няма агульнага сцэнарыя і алгарытму дзеянняў на ўсе выпадкі. Мы навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова, а часам нават і погляду напарніка хапае для таго, каб зразумець, што яму трэба. 22 гады службы – гэта нямала! Нягледзячы на тое, што трэцюю частку жыцця мы праводзім на баявым дзяжурстве разам, мы і ў вольны ад службы час досыць часта сустракаемся, бо ёсць агульныя захапленні – рыбалка і аўтатэхніка, – кажа Казімір Краскоўскі. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Казімір Эдуардавіч узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені, адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік» і памятным нагрудным знакам «165 гадоў пажарнай службе», а Міхаіл Вікенцьевіч – памятнымі нагруднымі знакамі «15 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях» і «165 гадоў пажарнай службе».

 

Вадзіцелі – старшына Іван Шышкін і старшы сяржант Аляксандр Пашкоўскі – прыйшлі ў падраздзяленне ў 2015 годзе пасля  арміі. Яны вырашылі звязаць сваё жыццё з МНС. 

– У нашым падраздзяленні вопытныя выратавальнікі вучаць маладых, а мы, у сваю чаргу, дзелімся сваімі ідэямі з імі. Разам робім сваё падраздзяленне функцыянальным. Ствараем і ўмовы для заняткаў спортам. Для школьнікаў арганізуем экскурсіі, паказваем пажарнае аварыйна-выратавальнае абсталяванне, тэхніку, – гаворыць Іван Шышкін.

– Працаваць з гэтымі людзьмі – адно задавальненне. Нават калі хто-небудзь з асабовага складу паста знаходзіцца ў адпачынку ці ў свой выхадны, а здарылася бяда і патрэбна дапамога, усе спяшаюць на выручку, – не без гонару кажа Андрэй Башаркевіч. – Яна вельмі важная ў нашай прафесіі, бо толькі ў камандзе мы моцныя. Хлопцы штодня падстаўляюць плячо адзін аднаму, не пакінуць у бядзе суседзяў, адгукнуцца на любы заклік дапамагчы. На іх плечы кладзецца велізарная адказнасць за тых, хто становіцца ахвярамі або абставін, або бестурботнасці…