Яны першымі прыходзяць на дапамогу

Общество

У аўторак у зале пасяджэнняў райвыканкама прайшло ўшанаванне лепшых выратавальнікаў-пажарных Валожыншчыны. Мерапрыемства было прымеркавана да прафесійнага свята – Дня выратавальніка. Заслужаных узнагарод і грамат удастоіліся 15 работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй узнагароджванне адбылося ў вузкім коле – запрасілі толькі тых, хто вызначыўся ў нясенні службы. Ганаровым госцем міні-ўрачыстасці стаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч БІБІК.

Напачатку начальнік РАНС А. І. Сівы расказаў пра вынікі работы райаддзела за мінулы год. Аляксандр Ігаравіч спыніўся не толькі на асноўнай дзейнасці – папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, але і падрабязна пералічыў усё, што было зроблена летась: ад удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах. Спіс аказаўся досыць унушальным, як і колькасць слайдаў, якія пераканаўча сведчылі пра станоўчыя змены і вынікі.

Ад імя раённай улады словы віншавання прысутным і ў іх асобе ўсім работнікам РАНС, ветэранам службы адрасаваў П. І. Бібік. Ён падзякаваў за нялёгкую і вельмі адказную місію – выратаванне чалавечых жыццяў, падкрэсліўшы, што іх прафесійны абавязак заўсёды знаходзіў станоўчыя водгукі ў нашых грамадзян. Карыстаючыся магчымасцю, Пётр Іосіфавіч уручыў узнагароды ад раённага выканаўчага камітэта. Так, Ганаровую грамату атрымалі начальнік каравула ПАВЧ № 1 г. Валожына Яўген Уладзіміравіч МАТЛАШУК і камандзір аддзялення Сяргей Анатольевіч САДОЎСКІ. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена начальніку ПАВП № 15 в. Сакаўшчына Андрэю Анатольевічу БАШАРКЕВІЧУ, вадзіцелям гэта ж паста Івану Міхайлавічу ШЫШКІНУ і Аляксандру Антонавічу ПАШКОЎСКАМУ.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў загадам міністра па надзвычайных сітуацыях нагрудным знакам “Выдатнік” узнагароджаны выконваючы абавязкі начальніка ПАВП № 16 г. п. Івянец Ілля Іосіфавіч РЫНКЕВІЧ.

Юбілейны медаль “20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” заслужылі: першы намеснік начальніка райаддзела Сяргей Сяргеевіч ГОРМАШ; начальнік ПАВП № 11 в. Падбярэззе Генадзій Іосіфавіч ПШАНКО і вадзіцель Сяргей Леанідавіч СЕМЯНЯГА; вадзіцелі ПАВП № 16 г. п. Івянец Аляксей Данусьевіч АДАМОВІЧ і ПАВЧ № 1 г. Валожына Міхаіл Міхайлавіч ЖАЛНЕРЧЫК.

Чарговае спецыяльнае званне на адну прыступку вышэй спецыяльнага звання, прадугледжанага па займаемай пасадзе, прысуджана: “старшы прапаршчык унутранай службы” – камандзіру аддзялення ПАВЧ № 1 г. Валожына Аляксандру Іванавічу СТАНКЕВІЧУ, “прапаршчык унутранай службы” – вадзіцелям ПАВП № 14 в. Пугачы Аляксандру Аляксандравічу БОРЫСУ і ПАВЧ № 1 г. Валожына Міхаілу Міхайлавічу КАЗЫРУ.

Ганаровай граматай Мінскага абласнога ўпраўлення адзначана работа старшага інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Алесі Аркадзьеўны РАДВІЛОВІЧ, граматай – начальніка ПАВП № 14 в. Пугачы Сяргея Аляксандравіча ЖОХАЎЦА. 

Алена ЗАЛЕСКАЯ