Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

 Пачнём з, напэўна, апошніх навагодніх навін – у Валожыне дабрачынная акцыя “Ёлка жаданняў” завяршылася напярэдадні Старога Новага года.

Абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа выканала жаданне 12-гадовага жыхара райцэнтра Багдана Жытнікоўскага. 13 студзеня старшыня раённай арганізацыі Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская даставіла прама на дом хлопчыку дамашні трэнажор.

Небывалыя маразы і вялікае снежнае покрыва падкінулі работы егерскай службе раёна. Дапамога людзей, як ніколі, спатрэбілася дзікім жывёлам.

У раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў летась сваімі сіламі нарыхтавалі для лясных насельнікаў 20 тон кармавых буракоў. А ўжо зімой набылі 9 тон некандыцыйнай капусты і морквы ў фермерскай гаспадарцы І. І. Нехвядовіча, а ў фермерскай гаспадарцы М. В. Сіліна – 3 тоны фуражнага ячменю.

Кармы для казулі і аленя выкладваюцца на спецыяльных падкормачных пляцоўках, якіх ва ўгоддзях таварыства абсталявана 26 штук. Для капытных паляўнічых жывёл існуюць таксама 8 біятэхнічных комплексаў. Ёсць 155 саланцоў. Людзі ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі зімоўка жывёлы пройдзе нармальна.

 Літаральна з першых дзён новага года пачалі вучобу медыцынскія работнікі раёна.

 З 11 студзеня на курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі паехалі ўрач-педыятр участковы Івянецкай гарпасялковай паліклінікі Марына Міхайлаўна Трафімовіч і ўрач агульнай практыкі Валожынскай паліклінікі Віктар Пятровіч Хаткевіч. З 13 студзеня на курсах пры Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце займаецца ўрач агульнай практыкі Ракаўскай участковай бальніцы Крысціна Пятроўна Тынкевіч. Адразу некалькі сярэдніх медыцынскіх работнікаў з 11 і 18 студзеня займаюцца на курсах павышэння кваліфікацыі пры Барысаўскім медыцынскім каледжы. Гэта медыцынская сястра – рэгістратар старшы Валожынскай паліклінікі Наталля Пятроўна Мілеўская, старшая медсястра хірургічнага аддзялення райбальніцы Ірына Уладзіміраўна Філіповіч, памочнікі ўрача Ракаўскай участковай бальніцы Наталля Мікалаеўна Клімовіч і Валожынскай паліклінікі Наталля Уладзіміраўна Бараноўская. Яшчэ некалькі медработнікаў паедуць на вучобу з 25 студзеня.

Доўгі час вядуцца размовы пра пашырэнне тэрыторыі гарадскіх могілак. Але гэта справа не аднаго дня, якая патрабуе афармлення мноства дакументаў. Можна сказаць, што “воз” зрушыўся з месца.

РУП “Валожынскі жылкамунгас”, у чыім падпарадкаванні знаходзяцца могілкі, падрыхтаваў праект, які прайшоў усе экспертызы. У дадзены момант матэрыялы па прадастаўленні зямельнага ўчастка для пашырэння гарадскіх могілак разглядаюцца ў адпаведных інстанцыях.

 З 18 студзеня ў ранейшым рэжыме пачало працаваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Большасць выхаванцаў сталі збірацца непасрэдна ў аддзяленні на вуліцы Набярэжнай.

А раней для зносін стварылі групы ў Вайберы і Аднакласніках, дзе работнікі інфармавалі сваіх падапечных пра правілы масачнага рэжыму, прафілактыку вірусных інфекцый, абмаражэнняў. Прама з дому кожны мог прыняць удзел у міжрэгіянальным конкурсе па ўпрыгожванні жылля і тэрыторый да Новага года і Калядаў, у флэшмобе “Упрыгож свой дом і падзяліся з сябрамі”. Спецыялісты давалі простыя рэцэпты святочных страў, рэкамендавалі мастацкія фільмы пра людзей з інваліднасцю, гумарыстычныя ролікі для ўзняцця настрою. Псіхолаг цэнтра Алена Жданюк правяла завочны майстар-клас па вырабе сімвала года – Бычка.

З 25 студзеня па 25 лютага праводзіцца конкурс “Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2020 года”. Ва ўсе раённыя вузлы паштовай сувязі паступілі каляровыя плакаты з адлюстраваннем паштовых марак, якія былі выпушчаны ў зварот летась.

Плакаты можна ўбачыць у гарадскіх і буйных сельскіх аддзяленнях паштовай сувязі. Для ўдзелу ў конкурсе патрэбна запоўніць анкету і адправіць яе ў электронным выглядзе ці ў канверце на адрас РУП “Белпошта”. Дарэчы, практычна штогод у нашым раёне ёсць пераможцы гэтага конкурсу. Так што, шаноўныя чытачы, не губляйце час.