У цяжкай жыццёвай сітуацыі? Дапаможа Дэкрэт № 3

Важное Общество

Працаздольныя грамадзяне, незанятыя ў эканоміцы, трапляюць пад дзеянне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Згодна з ім, з 1 студзеня 2019 года плацельшчыкі жыллёва-камунальных паслуг, што з’яўляюцца ўласнікамі, наймальнікамі ці арандатарамі жылога памяшкання, членамі арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчыкамі, заключыўшымі дагавор долевага будаўніцтва, лізінгаатрымальнікамі, аплачваюць гарачае водазабеспячэнне па цэнах (тарыфах), якія поўнасцю пакрываюць эканамічна абгрунтаваныя затраты на яго аказанне.

У адпаведнасці з абзацам другім пункта 6 вышэйзгаданага Дэкрэта камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Валожынскага райвыканкама, якая пастаянна дзейнічае, прадастаўлена права цалкам ці часткова вызваляць грамадзян, незанятых у эканоміцы, ад абавязку аплачваць гарачае водазабеспячэнне па поўным кошце ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй разглядаецца аб’ектыўны збег абставін, якія не залежаць ад людзей, якія яны не могуць пераадолець за кошт маючых магчымасцей. Да іх адносяцца:

наяўнасць абмежаванняў да працоўнай дзейнасці па медыцынскіх паказаннях і адсутнасць магчымасці працаўладкавання з улікам гэтых абмежаванняў у раёне;

неабходнасць догляду за дзіцем ва ўзросце да 14 гадоў, якое адносіцца да групы часта і працягла хварэючых і знаходзіцца на дыспансерным уліку; дзіцем да 18 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;

неабходнасць догляду за непрацаздольным членам сям’і ці родным, у тым ліку маючым медыцынскія супрацьпаказанні для аказання сацыяльных паслуг тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;

наяўнасць нерэгулярных транспартных зносін, адсутнасць вакансій у месцы пражывання;

нанясенне шкоды жыццю, здароўю, маёмасці ў выніку стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, абставін неадольнай сілы;

пераезд на новае месца жыхарства ў іншы горад, вобласць, раён;

страта сацыяльных сувязей падчас адбывання пакарання, прымусовага лячэння, рэабілітацыі, бадзяжніцтва.

 Пры прыняцці рашэння для поўнага ці частковага вызвалення ад аплаты, а таксама яго тэрміну (максімальны перыяд – да года) у адносінах да кожнага выпадку камісія выкарыстоўвае індывідуальны падыход з улікам усіх абставін, што фарміруюць цяжкую жыццёвую сітуацыю.

    Па ўсіх узнікаючых пытаннях працаздольныя грамадзяне, незанятыя ў эканоміцы, за растлумачэннем могуць звяртацца па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 2, каб. 224, тэл. 62795.

    Памятайце, жыццё любіць выпрабоўваць чалавека. За кожным новым паваротам – вопыт, які фарміруе характар, адносіны да сябе і навакольных. Жыццё вучыць мудрасці і ўзважанасці ў ацэнках і прыняцці рашэння.