Бяспека — у кожны дом!

Безопасность и здоровье Общество

Неасцярожнае абыходжанне з агнём – самая распаўсюджаная прычына ўзнікнення пажараў. У лідарах вогненных здарэнняў – парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога абсталявання, электрапрыбораў, дзіцячае свавольства. Статыстыка сведчыць, што больш за палову надзвычайных здарэнняў узнікаюць па віне людзей, якія не ведалі ці безадказна аднесліся да выканання правіл пажарнай бяспекі.

Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу жыхароў да гэтай тэмы, а таксама праблемы гібелі ў агні, з 18 студзеня па 19 лютага ва ўсіх кутках Беларусі выратавальнікі праводзяць рэспубліканскую акцыю “Бяспека – у кожны дом!”. Акцыя праходзіць у 5 этапаў.

На першым з іх, з 18 па 22 студзеня, у цэнтры ўвагі выратавальнікаў – асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця.

На другім этапе, які пройдзе з 25 па 29 студзеня, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і жыхароў сельскіх населеных пунктаў.

З 1 па 5 лютага адбудзецца трэці этап акцыі. Мэтавая аўдыторыя – студэнты. Яны стануць удзельнікамі тэматычных мерапрыемстваў. Не абыдзецца без гульні “Дзе логіка?”, у якой трэба звязаць з правіламі бяспечных паводзін зашыфраваныя на слайдах словы.

З 8 па 12 лютага стартуе 4 этап акцыі. Акцэнт будзе зроблены на працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый. Там правядуць занятак “Формула бяспекі” і інтэрактыў “Эрудыт-гульня 101 да аднаго”. Работнікі МНС растлумачаць асноўныя правілы бяспекі, прывядуць у прыклад статыстычныя даныя, прадэманструюць тэматычныя фільмы.

З 15 лютага пачнецца фінальны этап. Традыцыйна выратавальнікі разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей: гандлёвых цэнтрах, адкрытых пляцоўках, улічваючы захаванне эпідэміялагічных норм.

Падчас акцыі таксама будуць выкарыстаны і магчымасці працы ў анлайн-фармаце праз сацыяльныя сеткі, месенджары. Заняткі, лекцыі праз Інтэрнэт, адрасная рассылка буклетаў і карэспандэнцыі, тэлефонныя зносіны ў фармаце “На сувязі выратавальнікі…” для людзей з абмежаваным кантактам.

Наш кар.