Партнёрства – залог поспеху

Молодежный курьер Общество


На базе ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Валожына” прайшла інтэрактыўная дыялогавая пляцоўка “Моладзь і дзяржава: у партнёрстве залог поспеху”.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі старшакласнікі школы: ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя, думаючыя. Жывы дыялог з імі падтрымлівалі першы сакратар раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Уладзімір Паўлавіч Ціханоўскі і дырэктар школы Ірына Вацлаваўна Чаховіч.

У ходзе гутаркі было адзначана: у кожнай дзяржаве маладое пакаленне – гэта будучыня краіны, яно абавязана захаваць мір і зрабіць усё для росквіту Радзімы. У Беларусі ствараюцца ўмовы для сацыяльнай актыўнасці моладзі. Моладзь будуе партнёрскія ўзаемаадносіны з уладай, не чакаючы ад яе гатовых рашэнняў уласных праблем, а прапаноўваючы канкрэтныя ідэі ў пытаннях працаўладкавання і кар’ернага росту, арганізацыі вольнага часу, прафілактыкі асацыяльных з’яў, прапаганды здаровага ладу жыцця. Маладыя беларусы маюць шырокія магчымасці для рэалізацыі сябе ў грамадска-палітычнай і сацыяльна-карыснай дзейнасці, у тым ліку праз розныя формы самакіравання, грамадскія аб’яднанні і грамадзянскія ініцыятывы.

 БРСМ з’яўляецца адной з самых актыўных маладзёжных арганізацый. Уладзімір Паўлавіч Ціханоўскі расказаў пра ўдзел ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў развіцці раёна.

У рамках адкрытага дыялога рабяты мелі магчымасць падыскутаваць з гасцямі мерапрыемства, задалі хвалюючыя пытанні. Напрыклад, іх цікавіла, якія напрамкі маладзёжнай палітыкі рэалізуюцца ў раёне, якія ініцыятывы БРСМ запланаваны ў бліжэйшы час. Усё большую актыўнасць у нашы дні набывае тэма бяспекі ў інтэрнэт-прасторы, захапленне фейкавай інфармацыяй. У сувязі з чым школьнікам было цікава меркаванне гасцей па стварэнні канструктыўных дзяржаўных маладзёжных каналаў. Наогул жа, пытанняў і прапаноў было шмат. Здаецца, на тое яна і маладзёжная тэма, каб не сціхалі дыскусіі. Што характэрна, дыялогавая пляцоўка паказала галоўны момант – дыялог дае шанц разабрацца і пачуць адзін аднаго.

У канцы мерапрыемства старшакласнікі ўнеслі свае “цаглінкі” ў будаўніцтва нашага агульнага дома – роднай і любімай Беларусі, прапанаваўшы ўласныя ідэі. Усе яны былі розныя. Напрыклад, стварэнне ў раёне інтэлектуальна-забаўляльнага цэнтра, развіццё інфраструктуры вёскі, больш шырокія магчымасці для падпрацоўкі непаўналетнім летам, развіццё кантактаў беларускай моладзі з аднагодкамі з замежных краін.

Дыялогавая пляцоўка яшчэ раз пацвердзіла, што моладзь хоча актыўна ўдзельнічаць у жыцці дзяржавы і мяняць жыццё да лепшага.

Вера КАРАНІК,

намеснік дырэктара па выхаваўчай

рабоце ДУА “Сярэдняя школа

№ 1 г. Валожына”