Зімовыя забавы

Общество Спорт

“Нарэшце прычакаліся снегу і марозу!” – з запалам і энергіяй зазначаюць аматары здаровага ладу жыцця. Звычайным зімовым спадарожнікам вельмі рады дзеці – нягледзячы на -20, яны з задавальненнем катаюцца на лыжах. Бадзёрасці, азарту, весялосці няма межаў! Што і казаць – засумавалі мы па сапраўднай матухне-зіме з яе заліхвацкімі забавамі!

Прыемным падарункам для жыхароў райцэнтра стала хакейная пляцоўка, устаноўленая на тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу напрыканцы мінулага года. Сродкі на абсталяванне выдаткаваны Галоўным упраўленнем спорту і турызму Мінаблвыканкама. Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта было падрыхтавана месца, дзе зараз яна размяшчаецца: у прыватнасці, камунальнікі паклалі асфальт, а вось усе дэталі зманціравалі рабочыя ДЮСШ, яны ж займаліся і заліваннем лёду. Зараз пад іх пільным кантролем знаходзіцца і само лядовае пакрыццё: кожны дзень пры дапамозе гарачай вады і спецыяльнага ўстройства праводзіцца “прасаванне” лёду. Бо пасля шматлікіх наведвальнікаў на паверхні застаюцца палазы, а пасля “воднай працэдуры” яна становіцца гладкай і празрыстай, як шкло.

Пакатацца на каньках можа любы жадаючы: тут жа на месцы змешчана падрабязная інфармацыя з цэнамі і графікам работы і наладжаны пракат зімовага спартыўнага інвентару. Дарэчы, усяго за чатыры дні – з 15 па 18 студзеня – такой магчымасцю скарысталіся больш за 1000 чалавек.

Не пакінуты без увагі і лыжнікі: пад мостам у мікрараёне Папоўка і ў фруктовым садзе пракладзена лыжня, лыжы таксама  можна ўзяць на пракат.

 Хоць хакейная пляцоўка – сезоннае фізкультурна-аздараўленчае збудаванне, але патрэбнае гораду і яго жыхарам: у дні траскучага марозу там проста “кіпіць” спартыўнае жыццё! А ў выхадныя ў прамым сэнсе яблыку не было дзе ўпасці. У чым, дарэчы, мы ўпэўніліся ўвачавідкі і вырашылі пагутарыць з тымі, хто бавіў тут вольны час.

Жанна ЛАНЬКО з дачушкай Насцяй:

–  Адчуванні цудоўныя! Стаяць на каньках умеем, таму стараемся выкарыстаць любую вольную хвіліну, каб прыйсці і пакатацца. Хачу адзначыць: у Валожыне ў апошнія гады зроблена шмат для здаровага ладу жыцця – толькі не лянуйся! А калі хто спасылаецца на недахоп часу, не верце: проста няма жадання і матывацыі ў саміх людзей.

Вадзім КАЛАШНІКАЎ, трэнер ДЮСШ па дзюдо:

 – Мае дзюдаісты, як і штогод, сёння выйшлі на лёд: крыху змянілі профіль і гуляем у хакей – мы не прафесіяналы, “ганяем” шайбу, як атрымліваецца. Настолькі задаволены новай пляцоўкай, што не апісаць словамі! Можна прыйсці ў любы час – пазаймацца на трэнажорах, паплаваць у басейне, а пасля пакатацца на лёдзе. Гэта ж наша здароўе! Вельмі зручна і камфортна. Дзякуй уладзе за клопат.

Антон БАБІЧ, наведвальнік секцыі дзюдо:

– Сёлета я ў другі раз выйшаў на лёд – вельмі радуюся магчымасці пагуляць у хакей з сябрамі! Можна катацца і катацца, колькі захочаш! Праўда, абяцаюць пацяпленне, але, думаю, што яшчэ будзе марозік, і мы зможам удосталь пабавіць час у зімовых відах спорту. Канешне, хацелася б, каб такі каток быў абсталяваны ў памяшканні – тады б я катаўся на ім круглы год! Але і за гэты шчыра дзякую ўсім, хто паклапаціўся: проста здорава і класна!

Марына БУЛАШ:

– Дачка ўжо ўмее катацца, а з сынам спрабуем навучыцца, хоць ён і баіцца. Сама таксама раблю яшчэ першыя крокі. Я вельмі задаволена, што ў нас абсталявалі такую пляцоўку: не трэба ездзіць у Маладзечна ці шукаць іншыя месцы. Ёсць бяспечны каток, на якім не баішся, што правалішся пад лёд, як, напрыклад, на гарадскім возеры. Дзеці таксама рады – адрэналін проста зашкальвае!