Іван Андрэевіч БІЧ (да 140-годдзя з дня нараджэння)

Люди и судьбы Общество

Яркай старонкай у гісторыю грамадзянскай вайны ўпісана жыццё палымянага бальшавіка Івана Андрэевіча Біча.

Нарадзіўся Іван Андрэевіч у студзені 1881 года ў вёсцы Ясьманаўцы былога Вілейскага павета Віленскай губерні (зараз Дорскі сельсавет). Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Зусім юнаком ён уступіў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы, прымаў актыўны ўдзел у першай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Ратуючыся ад праследаванняў паліцыі, Біч пакінуў Беларусь і выехаў у Канскі павет Енісейскай губерні. Там ён працаваў пісарам, настаўнікам. У 1911 годзе, каб працягваць прапаганду сярод рабочых, пераехаў у Тайшэт. У той час гэта быў прыстанцыйны пасёлак Краснаярскага павета Енісейскай губерні, зараз – горад у Іркуцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Тайшэцкага раёна.

У 1917 годзе І. А. Біч уступае ў рады РСДРП(б), а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе арганізуе працоўных на барацьбу за ўстанаўленне Савецкай улады ў Канскім павеце. У хуткім часе сяляне гэтага павета выбіраюць Біча сваім дэпутатам на павятовы сялянскі з’езд у Канску, а ў студзені 1918 года – на губернскі прадуктовы з’езд, які адбываўся ў Краснаярску. На з’ездзе Біч быў выбраны ў састаў Енісейскай прадуктовай губернскай управы.

Наступіў грозны 1919 год. У гэты цяжкі для маладой савецкай рэспублікі час Іван Андрэевіч Біч заклікае паўстаць на барацьбу супраць інтэрвентаў і арганізуе першы партызанскі атрад. Ён стаў яго камісарам. Іван Андрэевіч узначаліў лятучы разведатрад лыжнікаў і дзейнічаў пад партызанскай мянушкай “Таёжны”.

Дыверсіі не перапыняліся ні днём, ні ноччу. Партызаны ўтварылі на магістралі Тайшэт – Тулун Сібірскай чыгункі вядомы “тайшэцкі затор”, што зрывала забеспячэнне белагвардзейцаў на Усходнім фронце.

Іван Андрэевіч Біч наводзіў паўсюдна страх на інтэрвентаў. За злаўленне бальшавіцкага камісара белагвардзейцы абяцалі вялікую ўзнагароду. У час баявой аперацыі калчакаўцы схапілі яго. На світанні асенняй раніцай на вуліцах Тайшэта было аб’яўлена: “Усе на вугальную эстакаду. Будзем вешаць бальшавіцкага камісара”. Пасля цяжкіх допытаў у кастрычніку 1919 года І. А. Біч быў павешаны.

У горадзе Тайшэт у Ганаровай кнізе памяці адным з першых запісаў аб знакамітых людзях стаіць імя І. А. Біча. Памяць аб гэтым мужным, бясстрашным змагары рэвалюцыі вечная. У Тайшэце яму ўзведзены помнік у гарадскім парку, дзе ён і пахаваны. Яго імем названа сярэдняя школа горада.

На радзіме І. А. Біча ў в. Ясьманаўцы ўстаноўлены паплечны бюст героя.

Наталля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея