Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 За 2020 год рашэннем райвыканкама сямейны капітал прызначаны 69 сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе ці наступнае дзіця. 109 сем’яў атрымалі дазвол на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу, а вось 5 сем’ям у гэтым адмовілі.

 З пачатку новага года сямейны капітал прызначаны жыхаркам вёскі Паморшчына Алене Іванаўне Макарэц, якая нарадзіла чацвёртае дзіця, і Дар’і Аляксандраўне Ганчарэнка, што нарадзіла трэцяе, а таксама Іне Ігараўне Грыневіч з вёскі Сідараўцы на трэцяе дзіця. Усе яны пражываюць на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета. Сямейны капітал налічаны і жыхарцы Валожына Надзеі Мікалаеўне Шайбак, якая нарадзіла трэцяе дзіця. Тры з гэтых жанчын папоўнілі рады мнагадзетных маці.

 У 2020 годзе раённы выканаўчы камітэт планаваў прадаць з аўкцыёну 7 аб’ектаў нерухомасці. У выніку прададзены 5 аб’ектаў камунальнай формы ўласнасці. Гэта вельмі добры паказчык.

Прададзены будынак кароўніка ў вёсцы Чартавічы, будынак хлява ў аграгарадку Вішнева, які быў на балансе цэнтральнай раённай бальніцы, і ФАПа ў вёсцы Новы Двор. Новых гаспадароў набылі будынкі пральні ў гарпасёлку Івянец і лазні ў вёсцы Даўбені.

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” на вуліцы Партызанскай у райцэнтры ў пакоі “Родам з СССР” 20 студзеня адкрылася выстава “Дзівосы ганчарнага круга”. Выстава керамічных вырабаў будзе працаваць да 20 лютага.

У экспазіцыі прадстаўлены разнастайны сталовы посуд, вінныя сервізы, керамічныя скульптуры, сярод якіх некалькі выяў зубра. Усе побытавыя прадметы сабраны з сямейных калекцый жыхароў раёна. Дарэчы, ёсць тут не толькі івянецкая кераміка з адметнай фляндроўкай, але і вырабы з іншых рэгіёнаў СССР.

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць мноства гурткоў, дзе выхаванцы атрымліваюць розныя бытавыя навыкі, вучацца адаптавацца да самастойнага жыцця, а таксама развіваюць свае творчыя здольнасці і робяць сувенірную прадукцыю.

Надзвычай прыгожыя рэчы, сувеніры вырабляюць у гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вернісаж”, якім кіруе Юлія Гісіч. Заняткі ў музычна-тэатральнай студыі “Авацыя” і ў гуртку па камп’ютарнай граматнасці і паліграфіі “Камп’ютарны свет” вядзе Ларыса Ермаловіч. Гэтыя фарміраванні пачалі працаваць нядаўна.

 764 экзэмпляры новых кніг паступілі ў раённую бібліятэку ў мінулым годзе. Апошняе паступленне ў снежні склала каля 150 кніг мастацкай літаратуры новых і старых аўтараў.

Сярод навінак двухтомнік Аляксандры Марынінай “Бездакорная рэпутацыя”, трылогія Таццяны Усцінавай “Завушніца Артэміды”, “Пояс Арыёна” і “Камея з Ватыкана”, аб’яднаная адной гераіняй. Аматараў літаратуры зацікавяць новыя кнігі Алега Роя, Паўла Астахава, Наталлі Аляксандравай, іншых папулярных расійскіх і замежных аўтараў.

20 студзеня ў рамках раённай спартакіяды школьнікаў прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2008-2009 гадоў нараджэння. Спаборніцтвы праходзілі на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, у іх прынялі ўдзел 10 каманд.

Першае месца занялі юныя футбалісты з гімназіі, на другой і трэцяй прыступках п’едэстала гонару каманды сярэдняй школы № 1 райцэнтра і Івянецкай СШ. Тройка прызёраў адзначана граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

 Жыхары раёна працягваюць перадаваць у краязнаўчы музей цікавыя рэчы. Праўда, не так актыўна, як гэтага хацелася б музейным работнікам.

 Адной з першых у бягучым годзе стала жыхарка Валожына Ала Паўлаўна Фейгіна. Яна перадала ў дар музею сапраўдны фаліянт на 900 старонак, выдадзены ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, які называецца “Кніга карысных парад”, зборнік “Пяе савецкая краіна”, які ўбачыў свет ў 1960 годзе ў выдавецтве “Маскоўскі рабочы”. На 580 старонках сабраны самыя папулярныя песні, якія спявалі ў тыя гады. Цікавасць уяўляе таксама і вышываная карціна “Рамэо і Джульета” – работа маці Алы Паўлаўны.