Яе зорка натхняла да творчасці, пуцяводнаю сцежкай была…

Люди и судьбы

У мінулую пятніцу патухла свечка жыцця нашай дарагой сяброўкі, зямлячкі, паэтэсы, кіраўніка літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь», аўтара і ідэйнага натхняльніка многіх кніг і зборнікаў, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, колішняй супрацоўніцы рэдакцыі раённай газеты Валянціны Францаўны ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ. Давайце разам прыгадаем, якой была гэта светлая, добрая, клапатлівая і бязмежна таленавітая Божая іскарка.

Валянціну Францаўну аднолькава справядліва можна лічыць як дачкой суседняй Ашмяншчыны (нарадзілася яна ў 1953 годзе ў вёсцы Міхайлоўшчына, што пад Гальшанамі), так і нашай зямелькі, дзе пачала свой працоўны шлях, стварыла сям’ю, выгадавала дзетак і ўнукаў, пакінула багацейшую творчую спадчыну і незабыўны, нязгасны след у культурным жыцці раёна…

Маленькай Валя любіла, калі матуля, управіўшыся па гаспадарцы, расказвала на цёплай печцы казкі, розныя цікавыя гісторыі ці чытала кніжкі. Тата таксама ведаў і расказваў рэдкімі вольнымі вечарамі польскія, беларускія, рускія вершы і казкі, добра спяваў, нават вучыў дзяцей танцаваць. А яшчэ Франц у маладосці пісаў нядрэнна вершы, праўда, нікому іх не паказваў…

У верасні 1959-га з вялікай радасцю Валянціна пайшла ў першы клас. Да сямі гадоў не хапала паўтара месяца, але вельмі ж хацелася стаць школьніцай, і мама ўпрасіла дырэктара прыняць дачку, каб не было слёз. Залічылі ў школу з умовай, што Валя будзе добра вучыцца.

Калі Валянціна вучылася ў 8-м класе, яе вершы (для сябе пісала з васьмі гадоў) упершыню былі надрукаваны ў ашмянскай раённай газеце “Красное Знамя” (цяпер – “Ашмянскі веснік”).

У тым жа 1969 годзе юная паэтэса стала ўдзельніцай абласного злёту маладых паэтаў Гродзеншчыны, на ўспамін пра які засталася кніга Васіля Быкава з аўтографам знакамітага пісьменніка. Назаўсёды засталося ў памяці святкаванне 130-годдзя Францішка Багушэвіча ў Жупранах і Кушлянах, дзе ўпершыню пазнаёмілася з вядомым ужо тады паэтам, выкладчыкам філфака БДУ Алегам Антонавічам Лойкам. Пасля сустрэчы ў Валянціны Францаўны, выпускніцы Міхайлоўшчынскай дзесяцігодкі, намеціліся два будучыя шляхі: філалагічны факультэт БДУ і журфак. І хаця Алег Антонавіч (тады ўжо доктар філалагічных навук), разгледзеўшы ў сціплых радках вясковай дзяўчынкі “іскрынку”, што называецца “боскім дарам”, пераконваў, што яе дарога толькі на філфак, абяцаў сваю дапамогу, Валя Гіруць усё ж абрала факультэт журналістыкі.

Пасля першага курса Валянціна Францаўна праходзіла практыку ў роднай ашмянскай раёнцы. Але выдавалася яна тады толькі на рускай мове. Таму на наступны год, а пасля і яшчэ раз абрала валожынскую “Працоўную славу”: і да дому было недалёка, і можна пісаць на роднай мове.

З 1 жніўня 1975 года Валянціна Францаўна пачала працаваць у раёнцы: карэспандэнтам аддзела пісьмаў і масавай работы, сельгасаддзела, карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыё… На жаль, цяжкая хвароба на сем гадоў адлучыла паэтэсу ад работы. Пасля вялікага перапынку давялося пачынаць спачатку, спрабуючы паступова свае сілы. Машыністка, карэктар, карэспандэнт, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі – такім быў шлях са студзеня 1990-га да 11 лістапада 1997 года, калі паступіла прапанова ўзначаліць аддзел інфармацыі райвыканкама. Там Валянціна Францаўна працавала амаль пяць гадоў, затым паэтэса цалкам аддала сябе арганізацыйна-творчай дзейнасці – кіравала народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Рунь” раённага Цэнтра культуры.

Нямала прыемных змен адбылося і на паэтычнай ніве. У 1996 годзе ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць” пад рэдакцыяй намесніка галоўнага рэдактара і адказнага сакратара часопіса Алеся Камароўскага выйшла першая кніжка пад назвай “Я адкрываю вам душу”. У 1997-м літаратурнаму аб’яднанню “Рунь” было прысвоена званне “народнае”. У наступным годзе Валянціну Францаўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У 1999-м у выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла другая кніга – “Пад зоркаю лёсу”. У 2005-м – калектыўная радасць: у выдавецтве “Чатыры чвэрці” пабачыў свет зборнік паэтаў Валожыншчыны “Зямлі маёй і землякам”.

У 2008 годзе выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” яшчэ адзін аўтарскі паэтычны зборнік – “Мовай сэрца”, у 2011 і 2013 гадах – зборнікі твораў для дзяцей “Каляровыя вятры”, “А ці ведаеце вы?”. У 2011 годзе “нарадзіўся” зборнік песень кампазітара Уладзіміра Гаркушы на словы Валянціны Гіруць-Русакевіч, а ў 2018 годзе – кніга “На нітцы часу”. У кожным надрукаваным радку – маленькая радасць, падзея, пражытыя імгненні, узнёслыя пачуцці.

Нямала прыемных падзей і момантаў было ў жыцці гераіні ў апошняе дзесяцігоддзе. У 2016 годзе яна стала пераможцай у намінацыі “За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры” VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2015”. У 2018-м, акрамя атрыманай радасці ад выхаду новай кнігі, яна была прызнана лепшым работнікам культуры Валожыншчыны і занесена на раённую Дошку гонару, атрымала Падзяку страшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

У кастрычніку за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры была ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, а па хадайніцтве Мінскага абласнога аддзялення СПБ атрымала Падзяку міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь…

…І вось Валянціны Францаўны не стала. Журботная навіна абрынулася нечакана і цяжкім грузам лягла на душу. І не толькі членам нашага калектыву, якому В. Гіруць-Русакевіч прысвяціла немалы адрэзак жыцця і творчых сіл, але і ўсім, хто яе ведаў. Сённяшнія супрацоўнікі раённай газеты і ветэраны працы глыбока смуткуюць аб страце блізкага нам чалавека. Мы выказваем словы глыбокага спачування і падтрымкі мужу Рыгору Мікалаевічу Русакевічу, яго дзецям і ўнукам. Няхай дае Бог усім вам сілы перажыць вялікае гора і захаваць пра жонку, матулю і бабулю светлую, доўгую памяць.

Мы далёка не адзіныя, каму будзе не хапаць зносін, размоў, сяброўства з Валянцінай Францаўнай, яе трапяткой і чулай душой. Яе калегам і паплечнікам, “рунеўцам” таксама многае хочацца сказаць.Як прыклад, верш Міхася Курылы…

Не думаў, Валечка, і не гадаў,

Што  перастане біцца тваё сэрца –

Што перасохне зносін стаў,

Твой голас рэхам абарвецца…

 

 Сняжынкі чыстыя лятуць

Па ўсёй прасторы Беларусі –

Цябе у Храме адпяюць,

Я болем смутку апякуся.

 

 Пасірацеў наш кут, аціх,

Пагасла зорка раптам Валі.

Губляў сяброў я ў жыцці,

З кім разам вершы рыфмавалі,

 

 Але не думаў, не гадаў,

Што ты ў нябыт заўгодзь сарвешся –

І перасохне зносін стаў,

І ты ў адказ не ўсміхнешся…

 

 Бакал віна нам не дапіць

За будучыню края…

Баліць душа мая, баліць.

А чысты снег лятае…

(МІХАСЬ  КУРЫЛА. 2021)

 

 Матэрыял да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ. 

За прадастаўленыя дадатковыя звесткі і фота асобная падзяка галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганне КАНАНОВІЧ.