Жыла “Рунню”

Культура Общество

Вечарам 22 студзеня ад паэткі Наталлі Жызнеўскай з Пугачоў атрымаў паведамленне, што з намі ўжо больш няма нашай Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч…

У час навагодніх свят, віншуючы Валянціну Францаўну, даведаўся, што выйшаў зборнік вершаў “Ад каранёў да кроны. Творцы Валожыншчыны”. У ім прадстаўлены 36 паэтаў, якіх Валянціна добра ведала і, складаючы кніжку, з любоўю адбірала творы для друку. Дзякуючы Валянціне, літаб’яднанне “Рунь”, якое было створана яшчэ ў 1981 годзе пры “Працоўнай славе”, стала народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем Валожынскага РЦК. Яна ім кіравала з 2004-га. І раней, калі працавала ў раёнцы, а потым у райвыканкаме, шмат сваёй душы аддавала “Руні”. Яна да апошняга дня жыла “Рунню”. Яна была, як клапатлівая маці, для ўсіх, хто прыходзіў у аб’яднанне. І ніколі не забывалася пра землякоў, што жылі да нас і тварылі. Дзякуючы Валянціне Францаўне, у Валожыне і за яго межамі прайшлі дзясяткі тэматычных вечарын, юбілейных імпрэз, прэзентацый кніг, розных раённых свят і конкурсаў…  

І я спадзяюся, што “Рунь”, якую жывіла і даглядала Валянціна Гіруць-Русакевіч, не прападзе. Яна ў ёй выхоўвала патрыётаў роднай Валожыншчыны і ўсёй краіны. І я веру, што яе справа будзе працягнута. Абяцаю, калі адыдзе каранавірус, буду прыязджаць на пасяджэнні “Руні”, каб дзяліцца літаратурным вопытам з землякамі і дапамагаць у правядзенні літаратурных свят.

Мы з Валянцінай былі знаёмыя і сябравалі амаль сорак гадоў. З прыемнасцю ўзгадваю нашы сустрэчы ў рэдакцыі “Працоўнай славы”, у Валожынскім доме культуры, у Мінску, у Вязынцы, у Ракуцёўшчыне, на святкаванні Дзён пісьменства. Асабліва памятаецца паездка з Валянцінай у Лоск. Гэта было гадоў дваццаць таму. Я тады напісаў верш, прысвечаны ёй.

БАЛАДА ЗАМКА Ў ЛОСКУ

                            Валянціне Гіруць-Русакевіч

 

На замчышчы высокім сёння ў Лоску

Трава зжаўцелая, нібыта з воску.

І замчышча, як свечка, што згарае,

Але ў вяках, як шлях наш, не знікае,

Бо мы тут ёсць, былі і будзем вечна

Ля нашых свечак, што пад Шляхам Млечным

Гараць, як мы, не маючы спатолі…

І вецер, быццам конніца, у полі

Ляціць і разбіваецца аб вежы,

І пыл стагодні ў неба дымам свежым

Плыве і ўжо ля зорак застывае,

Нібыта воску рэчка залатая

На замчышчы высокім сёння ў Лоску.

На замчышчы стаім, глядзім на вёску.

Нібыта з неба, з замчышча глядзім,

Дзе мы, як дым. Але не ўсё як дым,

Бо шлях дамоў і родныя дамы

Заўсёды ёсць і будуць, як і мы,

Як замчышча высокае, што ў Лоску,

Дзе сёння травы жоўтыя, як з воску… 

 

    І цяпер, даведаўшыся пра тое, што Валянціны не стала, не змог не напісаць верш, які папоўніць цыкл маіх твораў “Беларускі пантэон”. Валянціна Гіруць-Русакевіч будзе там побач з усімі, хто жыў для Беларусі і аддаў за яе светлую будучыню сваё жыццё.

 

БАЛАДА ВАЛЯНЦІНЫ

ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ

(18.10.1953-22.01.2021)

 

З табой заўсёды будуць Лоск, Валожын,

І шлях між імі восеньскі, прыгожы,

Дзе навакол Паэзія зямная

Для ўсіх жыве, што аж душа спявае.

Сяброў ва ўсім ты вучыш бачыць сонца,

Як у віры – святло, вясну ў палонцы

На рэчцы, што цяпер яшчэ пад лёдам.

Нас, землякоў, ніхто ніякім плотам

Не раздзяліў, і нас не раздзяліць,

І нам усім наш любы край баліць…

На замчышчы высокім сёння ў Лоску

Ляжаць сумёты, як разлівы воску.

І замчышча, як свечка, што згарае,

Але стагоддзі нашы асвятляе,

І не знікае, бо ёсць Лоск, Валожын

І люд наш мудры і заўжды прыгожы,

Якому ты, што на душы, казала…

І ты пайшла з жыцця, нібы з вакзала,

Дзе ўсіх сваіх чакала, сустракала…

І гэты снег, што нам імкне пад ногі,

Не замяце сцяжыны і дарогі

Ні да цябе, ні да твайго крыжа…

Да Бога з вершамі ляціць душа…

Бывай, шаноўная Валянціна Францаўна! Ты застаешся з Валожыншчынай і намі назаўсёды сваімі творамі і сваёй любоўю да роднай зямлі і людзей.

Віктар ШНІП