Дэлегат УНС: неабходна прадаўжаць развіваць медыцыну, павышаць якасць меддапамогі і яе даступнасць

VI Усебеларускі народны сход

Неабходна прадаўжаць развіваць медыцыну, павышаць якасць меддапамогі і яе даступнасць. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся галоўны ўрач Шклоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Сяргей Новікаў.

«Адна з галоўных задач на бліжэйшую пяцігодку — далейшае развіццё медыцыны, павышэнне якасці аказання першаснай медыцынскай дапамогі і яе даступнасці жыхарам усіх населеных пунктаў. У 2020 годзе мы ўсе сутыкнуліся з каранавіруснай інфекцыяй. Барацьба з захворваннем паказала, што нашы ўрачы — самаадданыя людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Добра спрацавала ўся сфера аховы здароўя ў цэлым — хутка ішло перапрафіляванне ўстаноў аховы здароўя, распрацоўваліся і ўкараняліся ў рабоце новыя алгарытмы дзеянняў і лячэння пацыентаў, — расказаў Сяргей Новікаў. — Сфера аховы здароўя — адна з важнейшых для развіцця любой дзяржавы. Таму што менавіта ў руках медыкаў — здароўе нацыі. І мы бачым, што медыцыне ўдзяляецца шмат увагі не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў невялікіх населеных пунктах. На прыкладзе нашай бальніцы: у канцы мінулага года закончылі рамонт дзіцячага аддзялення. У 2019 годзе быў закуплены рэнтген-апарат, заснаваны на лічбавай апрацоўцы здымкаў, набыты новы апарат УГД, аўтапарк папоўніўся сучасным аўтамабілем хуткай медыцынскай дапамогі. Мы стараемся раўняцца на перадавы вопыт, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Удасканаленне ўстаноў аховы здароўя на ўзроўні рэгіёнаў дае магчымасць скараціць разрыў паміж аказаннем дапамогі ў раённых бальніцах і рэспубліканскіх цэнтрах».

Як адзначыў Сяргей Новікаў, яшчэ адно важнае пытанне ў сферы аховы здароўя — кадравае напаўненне. «Важна не толькі прыцягваць маладых спецыялістаў да работы ў раёнах, але і ствараць умовы для іх замацавання. У райцэнтрах трэба прапрацаваць пытанне прадастаўлення жылля. Магчыма, гэту задачу зможа вырашыць стварэнне рэзерву арэнднай жылплошчы для медыцынскіх работнікаў. Я ўпэўнены, што ўсе пытанні, якія стаяць у парадку дня, на Усебеларускім народным сходзе будуць усебакова разгледжаны і па іх будуць прыняты ўзважаныя рашэнні. Усё гэта дасць магчымасць зрабіць наша жыццё яшчэ лепшым», — сказаў дэлегат.

Сяргей Новікаў нарадзіўся на Быхаўшчыне, але ўсё яго дзяцінства прайшло ў Шклове, дзе ён і вырашыў стаць урачом. «У школе добра ішлі прыродазнаўчыя навукі. Вырашыў ісці ў медыцынскі, бацькі мяне падтрымалі. Пасля заканчэння віцебскай медыцынскай ВНУ вярнуўся ў Шклоў ужо хірургам, пазней стаў намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, а ў 2019 годзе ўзначаліў ўстанову аховы здароўя, — расказаў Сяргей Новікаў. — Быць урачом — гэта прызванне. У любы час, пры любых абставінах. І нават цяпер, пры вялікай колькасці адміністрацыйнай работы, я застаюся практыкуючым урачом. Таму што самая вялікая каштоўнасць — гэта здароўе чалавека».