Радавы перамогі

Культура

Яшчэ ўлетку мы завіталі на сядзібу да Сяргея Мікалаевіча і Яўгеніі Мікалаеўны Радкевічаў з вёскі Ясьманаўцы Яршэвіцкага сельсавета. Папрасілі гэту сямейную пару сфатаграфавацца для газеты. Яны пажадалі пазіраваць ля плота, дзе пышна цвіў куст шыпшыны. І гэты прыродны антураж міжволі стаў сімвалам пражытага імі жыцця, у якім хапіла і пышных кветак, і калючых шыпоў.
Глыбокая старасць, а з ёй і праблемы са здароўем – не лепшыя спадарожнікі гэтых людзей. Але шчырая павага адзін да аднаго, усямерная падтрымка – самы надзейны выратавальны круг у іх жыццёвым моры. Гаспадыня не без гонару зазначае, што разам яны ўжо 62 гады. Іх залатое вяселле даўно стала прыемным успамінам, час праляцеў хуткакрылай птушкай, нават і двое дзяцей дасягнулі пенсіённага ўзросту.
Як дзве палавінкі аднаго цэлага яны мужна пераадольваюць усе нягоды. Клапатлівы муж (а Сяргею Мікалаевічу ўжо 89 гадоў) па-джэнтльменску падтрымлівае Яўгенію Мікалаеўну, падбадзёрвае яе, дапамагае справіцца з хваробай, бярэ на сябе асноўныя клопаты па гаспадарцы, бо ў жонкі зусім аслабелі ногі, рухаецца толькі на мыліцах… Сяргей Мікалаевіч ведае, наколькі патрэбна сёння жонцы яго падтрымка, спагада. А гэтыя якасці характару загартавала ў ім вайна. Быў санітарам.
Тысячы раненых гэты невялікі па росту чалавек вынес з поля бою, тысячам байцам аказаў першую медыцынскую дапамогу. Фізічны боль ён перажыў і сам. Пачынаў барацьбу з ворагам у партызанскім атрадзе, дзе ў час чарговай сутычкі з немцамі і быў цяжка паранены. Спачатку некалькі дзён правёў у адным з мінскіх шпіталяў. Лячэнне было складанае і працяглае, твар скалечыла так, што нават бацька не адразу пазнаў роднага сына, калі прыехаў адведаць яго ў ваенны шпіталь. Пазней С. М. Радкевіч аднаўляў страчанае здароўе ў расійскім горадзе Горкі. А калі поўнасцю паправіўся, пасля пэўнай спецпадрыхтоўкі яго накіравалі ва Усходнюю Прусію. Ваяваў на Беларускім фронце ў складзе 49-га гвардзейскага стралковага палка.
Ён, малады старшына, з горкай чашы вайны глынуў спаўна. Гэта быў час без сну і адпачынку, час штодзённых выпрабаванняў. Не выпадкова, калі я пацікавілася, як жа на вайне звычайна святкавалі Новы год, герой гэтай заметкі нават пакрыўдзіўся. А затым прама адказаў: «Якія там святы?! Выпілі па сто грамаў – ды і ўся ўрачыстасць! Зараз ужо дакладна і не памятаю, але, напэўна, тады нам і цыгарэты дадаткова выдалі, франтавы паёк узмоцнілі. На вайне ж мы задавольваліся малым і марылі пра вялікае – хутчэй разграміць ворага і апынуцца ў родным краі, па якім заўсёды сумавала душа».
Спартанскі лад існавання, розныя нягоды мужна пераносілі франтавікі. Спалі, дзе давядецца, нярэдка не распранаючыся, каб канчаткова не замерзнуць у сцюдзёнае надвор’е. І, як на дзіва, хварэлі вельмі рэдка. Бо быў адзін загад: выжыць! Але цяпер, у старасці, тыя далёкія адгалоскі, на жаль, праяўляюцца рознымі недамаганнямі. Але франтавікі не прывыклі скардзіцца на цяжкасці. Запас вялікага аптымізму, уменне цаніць жыццё за яго галоўнае прызначэнне сталі іх галоўнай апорай. А яшчэ ў іх ёсць вялікае і любімае свята – Дзень Перамогі. Яно – як вечны агонь светлай памяці, як дарога да мужнасці, подзвігу, якой крочаць разам усе пакаленні…
Будзе белай ад снегу зіма, а за ёй будзе май – белы ад квецені садоў. Гэта так урачыста вясной заўсёды вітае зямля сваіх пераможцаў… А май 2010 года – юбілейны, таму бляску неўміручай славы і павагі хопіць на ўсіх, у тым ліку і на радавога Вялікай Перамогі, ураджэнца Ясьманаўцаў Сяргея Мікалаевіча Радкевіча!

Ірына ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *