БЫЦЬ ВЯСКОЎЦАМ ГАРАДЖАНАМІ

Общество

У перспектыве магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы атрымаюць не толькі гараджане, але і многія жыхары навакольных вёсак, якія размешчаны на тэрыторыі Валожынскага сельсавета. Па ініцыятыве кіраўніцтва сельвыканкама нядаўна для іх быў арганізаваны жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў. “Хочацца, каб людзі, якія жывуць непадалёк райцэнтра, а многія з іх працуюць у арганізацыях, на прадпрыемствах горада і маюць патрэбу ў жыллі, скарысталі магчымасць ільготнага крэдытавання, пабудавалі прыстойныя кватэры”, – зазначыў старшыня сельвыканкама С. Ф. Глінскі.

На сённяшні момант у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў пры сельвыканкаме знаходзіцца 40 чалавек. Усім ім на першым этапе былі дасланы паведамленні пра магчымасць стварэння кааператыву. Уступіць жа ў ЖБСК пажадалі пакуль толькі 18 чалавек. Гэта пераважна маладыя і шматдзетныя сем’і, а таксама тыя, у каго складаныя жыллёвыя ўмовы, з Аўгустова, Сакавішча, Мінцяў, Савяцевічаў, Ганчароў, Брылькоў, Капусціна. На арганізацыйным сходзе патэнцыяльныя члены кааператыву вызначыліся з назвай – “Акіян”, абралі старшыню, сакратара і бухгалтара. Прадстаўнікі аддзела ЖКГ, ІБКУП “УКБ-Валожын”, спецыялісты службы “Адно акно” райвыканкама, якія таксама прынялі ўдзел у сходзе, растлумачылі, якія дакументы і ў якія тэрміны неабходна прадаставіць, расказалі пра ўмовы крэдытавання. Саракакватэрны дом плануецца ўзвесці ў новым мікрараёне, што будаўніцтва якога распачата непадалёк вёскі Ганчары.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий