У АТМАСФЕРЫ ЎПЭЎНЕНАСЦІ І СПАКОЮ

Общество

“Прамая лінія” з удзелам першага намесніка старшыні Камітэта Дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Святланы Іванаўны Сакалоўскай, а потым і праведзены ёй прыём грамадзян прайшлі ў атмасферы дастаткова ажыўленай, але спакойнай. На адрасаваныя пытанні людзі атрымалі кампетэнтныя адказы, хвалюючыя іх праблемы вырашаліся на месцы.

Усяго на “Прамую лінію” паступіла 6 тэлефонных званкоў. Да І. І. Круглінскай з Івянца, якая першай дазванілася да першага намесніка старшыні абласнога КДК, накіравана камісія райвыканкама: упаўнаважаныя асобы паставяць канчатковую кропку ў пытанні падзелу дваровай тэрыторыі жанчыны.

Жыхарка Вішнева Л. М. Мартуновіч скардзілася на несвоечасовае забеспячэнне паліўным матэрыялам. Як выявілася, гэта праблема часовая, заказаныя дровы і брыкет людзі, ад імя якіх тэлефанавала пенсіянерка, атрымаюць ва ўстаноўленым парадку.

Некаторыя пытанні, адрасаваныя С. І. Сакалоўскай, тычыліся сацыяльных гарантый былым работнікам сельгаспрадпрыемстваў. Г. С. Бобрык, якая 37 гадоў адпрацавала на адной з ферм СВК “Пяршаі-2003” цікавіла, чаму праўленне гаспадаркі не прысвойвае ёй званне “заслужанай калгасніцы” з адпаведнымі прывілеямі. Святлана Іванаўна прапанавала сельгаскааператыву разгледзець магчымасць аказання дапамогі жанчыне ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пенсіянерку з Калдыкаў Н. С. Іванчанка непакоіла сітуацыя з сенам, якое яна павінна атрымаць ад гаспадаркі за здадзенай малако. Аказалася, старшыню своечасова не праінфармавалі пра просьбу бабулі, належныя ёй 4 рулоны сена будуць дастаўлены ў час.

На працу індывідуальнага прадпрымальніка з Маладзечна, які збірае малако ў некаторых сельгаскааператывах раёна, паскардзіўся Л. А. Шаўрэй з вёскі Забрэззе: аднойчы той не паспеў здаць сабраны ў вяскоўцаў прадукт, і той сапсаваўся. Няўстойка так і засталася непагашанай. Святлана Іванаўна перанакіравала гэта пытанне ў Маладзечанскі камітэт дзяржкантролю, дзе яго вырашаць у самыя кароткія тэрміны.

Апошнімі на “Прамую лінію” дазваніліся вартаўнікі ТАА “Маналіт” ТДН: ім яшчэ не выплацілі зарплату за ліпень. Гэта скарга таксама ўзята на кантроль.

Ставала наведвальнікаў і падчас праведзенага прыёму грамадзян. Некаторыя ўзнятыя пытанні насілі прыватны характар, калектыўна звярнуліся да першага намесніка старшыні абласнога Камітэта дзяржкантролю і члены жыллёва-будаўнічага кааператыва “Эльбрус-2007”, якія пры ўзвядзенні дома сутыкнуліся з нечаканымі праблемамі. Святлана Іванаўна ўважліва выслухала кожнага, дала дзейсныя кампетэнтныя рэкамендацыі.

Падводзячы вынікі, С. І. Сакалоўская адзначыла, што чакала мноства званкоў па добраўпарадкаванню горада і сельскіх населеных пунктаў, зваротаў валожынцаў пасля прарыву дамбы. Але такіх не паступала. Гэта – знак якаснай работы РУП “Валожынскі жылкамунгас” і іншых зацікаўленых структур, прамое сведчанне наладжанай мэтанакіраванай працы раённай ўлады на карысць Валожыншчыны і яе жыхароў.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий