А жыццё працягваецца…

Общество

Мінулы высакосны год застанецца ў памяці кожнага, нават калі і не закрануў яго сям’ю непасрэдна. Ён стаў шокавым для грамадства, змяніў наша жыццё, унёс у яго новыя словы і паняцці: COVID-19, лакдаўн, іншыя. На каранціне, ізаляцыі былі не асобныя людзі, а цэлыя гарады і краіны. Ён стаў выпрабаваннем і для сем’яў. У свеце ў цэлым павялічылася колькасць разводаў, але і нараджэнняў таксама. Гэта так, да слова. А сёння хочацца, як звычайна, прааналізаваць статыстыку па Валожынскім раёне.

У 2020 годзе непасрэдна ў нашым ЗАГСе зарэгістраваны 103 нараджэнні і 129 смярцей, 74 шлюбы і 18 скасаванняў шлюбаў. Таксама ўстаноўлена 27 бацькоўстваў. 6 чалавек звярталіся за зменай імя. У Івянецкім пассавеце – 29 нараджэнняў і 59 смярцей, 26 шлюбаў, 3 устанаўленні бацькоўства. У Ракаўскім сельсавеце гэтыя лічбы складаюць адпаведна 50 і 88, 38 і 2 устанаўленні бацькоўства. У астатніх сельсаветах зарэгістравана значна больш смярцей, чым нараджэнняў.

 У цэлым летась былі зарэгістраваны 118 шлюбаў, у тым ліку з іншаземцамі – 10. Сярод уступіўшых у шлюб на Валожыншчыне – 5 грамадзян Расійскай Федэрацыі (2 мужчыны і 3 жанчыны), 1 грамадзянка Германіі і 3 украінкі, а таксама 1 жаніх – грамадзянін Рэспублікі Малдова.

Сярэдні ўзрост жаніхоў – 33 гады, нявест – 30, максімальны – 70 гадоў. 4 нявестам споўнілася 18 гадоў. У пенсіённым узросце заключылі шлюб 3 жаніхі і 4 нявесты.

 Летась у раёне з’явіліся на свет 248 немаўлят: 135 хлопчыкаў і 113 дзяўчынак, сярод іх ажно чатыры двойні. У 232 выпадках абодва бацькі – грамадзяне нашай рэспублікі, а ў 9 – замежныя грамадзяне. Сярод маладых бацькоў 2 – грамадзяне Грузіі, па адным – Рэспублікі Малдова, Турэцкай Рэспублікі і Украіны. Тры матулі нованароджаных – грамадзянкі Украіны і адна – Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

 Самымі папулярнымі мужчынскімі імёнамі былі Іван і Максім, яны раздзялілі пальму першынства. Гэтыя імёны далі бацькі 9 сынам. На другім месцы – Кірыл і Міхаіл – па 6 нованароджаных. Таксама сярод немаўлят з’явіліся па 5 Аляксандраў, Арсеніяў, Даніілаў, Мацвеяў і Мікітаў. Сярод найбольш рэдкіх і экзатычных мужчынскіх імён – Луіс, Лука, Дамінік, Ян, Ітан, Святаслаў, Радзівон, Серафім, Захар, Мірон.

 Сярод жаночых імён у тройку трапілі Ганна – 9 дзяўчынак, Ксенія – 8 і Валерыя – 7. Ужо не рэдкімі сталі імёны Ева і Ангеліна – па 4 дзяўчынкі, Эмілія, Агата, Міа і Мія, Алівія – па 2. Называлі сваіх дачушак бацькі і Эсма, Ніколь, Стафанія, Ілона, Каміла, Малання, Сабрына.

Хочацца, каб у новым годзе ў нас быў пік нараджальнасці, каб былі ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў і нованароджаных, каб урэшце было больш падстаў для радасці і добрага настрою.

Тамара ЯНЫШ,

загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама