Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На поўную загрузку працуюць швачкі ў Валожынскім доме быту. Хаця і невялікія партыі адшываюць, але маюць дастаткова заказаў на пашыў спецадзення для некаторых фірм і індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама шыюць пасцельную бялізну, коўдры і падушкі для рэалізацыі ва ўласным магазіне і на комплексных прыёмных пунктах, вырабляюць вянкі.

КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” працягвае супрацоўніцтва з вядомым прадпрыемствам “Слодыч”, для якога шмат гадоў шыюць рабочае адзенне. У студзені адправілі туды 100 адзінак рознага спецадзення. 90 зімовых куртак і рабочых касцюмаў пашылі для мінскага ТДА “Аквасан”. Па заказе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама швачкі вырабілі 30 трыкатажных спартыўных касцюмаў з лагатыпам нашага раёна. У дадзены момант распрацоўваюць узоры маладзёжных бомбераў, якія будуць укараняць у вытворчасць. Тармозяць работу адсутнасць сыравіны, на набыццё якой не заўсёды хапае ўласных сродкаў, і недахоп рабочых рук. Прадпрыемства можа ўдвая павялічыць штат швачак, рабочых месцаў для гэтага дастаткова. Дарэчы, і зарплата тут не апошняя ў райцэнтры.

 Работнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў працягваюць змагацца з шэрымі драпежнікамі. Летась сіламі штатных супрацоўнікаў і паляўнічых былі знішчаны 13 ваўкоў.

У лясных угоддзях, замацаваных за таварыствам, абсталяваны 2 месцы для выкладкі прынады. Дарэчы, у мінулым годзе менавіта там былі застрэлены 8 ваўкоў з 13-і. Сёлета паляванне пакуль не дало вынікаў.

 У апошнія месяцы мінулага года прайшлі дружынны і раённы акцябрацкія квізы (інтэлектуальна-забаўляльныя гульні). У нашым раёне для ўдзелу ў іх зарэгістраваліся піянерскія дружыны Ракаўскай, Гародзькаўскай і Яршэвіцкай сярэдніх школ. На раённым этапе перамагла акцябрацкая група “Арляняты” Ракаўскай СШ.

25 студзеня адбыўся абласны этап. Квіз праходзіў у анлайн-рэжыме. Група “Арляняты” заняла трэцяе месца, набраўшы ў выніку 39 балаў. Ад пераможцаў ракаўскія акцябраты адсталі ўсяго на два балы.

 У студзеньскія святочныя дні івянецкая моладзь і прыхаджане розных узростаў царквы Прападобнай Еўфрасінні Полацкай мелі магчымасць сустрэцца з беларускім мастаком Ягорам Сямёнавічам Сітніцам, які шмат гадоў узначальваў Саюз мастакоў Беларусі.

Я. С. Сітніца ў свой час падтрымаў ідэю айца Віктара аб правядзенні мастацкіх пленэраў у падтрымку дзяцей-інвалідаў. А з цягам часу мастак стаў сапраўдным сябрам царквы і вернікаў. З цікавасцю слухалі івянчане пра творчы шлях мастака, аповед пра дзіцячыя і юнацкія гады. Дарэчы, таленавіты чалавек у апошнія гады стаў пісаць вершы, якія ён прачытаў на сустрэчы.

 У Валожынскім краязнаўчым музеі працуе выстава “Жыў-быў самавар…”, дзе прадстаўлены самавары з уласнай калекцыі.

Наведвальнікі могуць пабачыць 7 самавараў канца ХІХ стагоддзя розных узораў, якія найлепш захаваліся да нашых дзён. Гэтыя прыстасаванні для прыгатавання кіпеню выраблены на розных фабрыках Тулы. Самы старэйшы экзэмпляр датаваны 1880 годам. Экскурсаводы раскажуць шмат цікавых звестак пра самавар, які апеты класікамі ў прозе, вершах і на мастацкіх палотнах.

На Вілейскім водасховішчы адбыліся міжраённыя спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы, ініцыяваныя Вілейскай раённай структурай Беларускага таварыства паляўнічых і рабаловаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел таксама каманды Маладзечанскага і нашага раёнаў.

    У той дзень клёву амаль не было, так што пахваліцца нават пераможцам практычна не было чым. За тры гадзіны сямёра з удзельнікаў не злавілі ўвогуле нічога. Нашы рыбакі ў пераможцы не трапілі.

У мінулую пятніцу 14 жыхароў райцэнтра пабывалі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставе, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. Паездка была арганізавана цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

 Цікавую экскурсію правяла для нашых землякоў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва музея, магістр мастацтвазнаўства, куратар выставы Юлія Лісай. Пасля музея наведалі Тэатр юнага гледача, дзе паглядзелі спектакль па п’есе Ж.-Б. Мальера “Не па сваёй віне лекар”.