Ва ўмовах нізкіх тэмператур

Безопасность и здоровье

У гэтым годзе зіма пацвярджае сваё каляндарнае наступленне рэзкім зніжэннем тэмпературы паветра. У такіх умовах неабходна асабліва пільна аднесціся да выканання патрабаванняў па эксплуатацыі цеплаўстановак і цеплавых сетак.

Пры ўстойлівых тэмпературах вонкавага паветра ніжэй за мінус 15оС спажыўцы цеплавой энергіі павінны арганізаваць кругласутачнае дзяжурства адказных работнікаў эксплуатацыйных службаў і забяспечыць іх сувязь з дзяжурным персаналам энергазабеспячальных арганізацый.

У выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый персанал энергазабеспячальных арганізацый аператыўна прыступае да іх ліквідацыі. Пры неабходнасці працяглага адключэння цеплазабеспячэння з-за аварыі на цеплакрыніцы ці знешніх цеплавых сетках ён павінен апавясціць спажыўцоў, каб пазбегнуць размарожвання сістэм цеплазабеспячэння.

Арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, у выпадку працяглага адключэння цеплазабеспячэння з-за аварыі на цеплакрыніцы ці знешніх цеплавых сетках павінны забяспечыць дзяжурства персаналу для кантролю за станам унутраных сістэм цепласпажывання і, каб пазбегнуць размарожвання, пры зніжэнні тэмпературы ў зваротнай магістралі да 5оС забяспечыць іх зліў. Пры ўзнікненні аварыі на інжынерных сетках цепла-, вода-, газа- і электразабеспячэння, у выніку якой адбыўся або можа адбыцца перапынак у цеплазабеспячэнні спажыўцоў, арганізацыя, што ліквідуе аварыю, абавязана ўстанавіць наяўнасць іншых інжынерных сетак у месцы правядзення земляных работ і пры неабходнасці выклікаць прадстаўнікоў адпаведных арганізацый. Яны павінны прыбыць на месца аварыі ў магчыма кароткі тэрмін, але не пазней за 2 гадзіны з моманту абвесткі, а пры тэмпературы вонкавага паветра мінус 15оС і ніжэй або пры аварыйнай сітуацыі на сістэмах газаразмеркавання – не пазней за 1 гадзіну з моманту зліву.

Пры працяглым адключэнні (абмежаванні) цеплазабеспячэння з-за аварыі на цеплакрыніцы або цеплавых сетках арганізаваць дзяжурства персаналу для кантролю за станам сістэм цепласпажывання і каб пазбегнуць размарожвання ўнутрыдамавых сістэм цеплазабеспячэння па ўзгадненні з энергазабеспячальнай арганізацыяй. У адпаведнасці з устаноўленымі тэрмінамі забяспечыць зліў (калі тэмпература вады ў зваротнай магістралі зніжаецца да 5оС пры тэмпературы вонкавага паветра ніжэй за 0оС), а пасля ліквідацыі аварыі на цеплакрыніцы або цеплавых сетках – запаўненне ўнутрыдамавых сістэм цеплазабеспячэння цепланосьбітам па ўзгадненні з энергазабеспячальнай арганізацыяй.

 У перыяд паніжэння тэмпературы вонкавага паветра рэзка павялічваецца патрэба ў электраспажыванні, а вось электраправодка ў дамах разлічана на пэўную нагрузку. Пры адначасовым уключэнні энергаёмістых прыбораў (электраабагравальнікі, чайнікі, пральныя машыны) можа выйсці з ладу не толькі электраправодка ў кватэры, але і ў пад’ездзе, і нават у цэлым доме.

 Моцныя маразы, завеі могуць стаць прычынай падзення дрэў на апоры, лініі электраперадачы, абрыву правадоў паветраных ліній, што з’яўляецца небяспечным для ўсяго жывога. Абарваны электрычны провад пры дотыку да зямлі стварае аварыйную работу электраўстаноўкі. Калі вы заўважылі няспраўнасці ў электрасетках (абрывы правадоў, іскрэнне, пашкоджанне апор, ізалятараў, незачыненыя або пашкоджаныя дзверы трансфарматарных падстанцый), трэба неадкладна паведаміць у Валожынскія раённыя электрычныя сеткі па тэлефоне 55347.

Каб пазбегнуць выпадкаў з цяжкімі наступствамі, нельга:

дакранацца да правадоў, што абвіслі або ляжаць на зямлі, адкідваць іх рукой, выпадковымі прадметамі. Смяротна небяспечна не толькі дакранацца, але і знаходзіцца ў радыусе бліжэй за 8-10 м ад такога проваду, у зоне крокавага напружання. У выпадку, калі трапілі пад крокавае напружанне, неабходна не губляць самавалодання і выбірацца з зоны скачкамі на адной назе або на двух стуленых на бяспечную адлегласць у бок, процілеглы ад месца, дзе ляжыць провад;

пранікаць у трансфарматарныя падстанцыі, размеркавальныя прылады, адкрываць сілавыя шчыткі, зборкі, агароджы.

Толькі веданне і выкананне правіл электрабяспекі, а таксама захаванне самых простых мер засцярогі дапамогуць прадухіліць магчымасць паражэння электрычным токам і захаваць жыццё.

Валожынская раённая энергагазінспекцыя