…Дай вады напіцца

Культура

Усё далей і далей адыходзяць ад нас гады ваеннага ліхалецця. Як неацэнны скарб засталася для нашчадкаў гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць». У ёй на падставе архіўных дакументаў, матэрыялаў музеяў, біяграфічных успамінаў расказваецца пра багаты летапіс Валожынскага раёна.
Рэдакцыя раённай газеты працягвае друкаваць найбольш значныя артыкулы з гэтай дакументальнай хронікі.
…Мы, дзеці тых цяжкіх пасляваенных гадоў, вельмі любілі прыбягаць да гэтага калодзежа, які здаваўся самым глыбокім, а вада – самай халоднай, смачнай і празрыстай. І хоць нашы мацеркі, згледзеўшы дзяцей каля калодзежа, штораз смачна “частавалі”, цяга да яго вады ад гэтага не рабілася меншай. Бо ў глыбіні вады адлюстроўваліся зоркі, а рэха нашых галасоў імчалася з калодзежа недзе высока-высока, далёка-далёка. Ніхто не можа сказаць дакладна, калі з’явіўся наш калодзеж, толькі помняць старыя людзі, што многа пакаленняў поіць і лечыць крынічная вада калодзежа.
Многае бачыў калодзеж на сваім вяку. На яго памяці нараджаліся, жылі з радасцямі і горам вяскоўцы, паміралі і нараджаліся новыя. А ён быў неад’емнай часткай іх жыцця. І людзі ў вёсцы адпавядалі яму – былі добрыя і працавітыя, шчырыя і сардэчныя, чыстыя сэрцам і душой. Кожную раніцу ля калодзежа збіраўся людскі завоз-чарга. Падпаліўшы ў печы, жанчыны спяшаліся з вёдрамі да калодзежа, каб хутчэй пачуць няхітрыя вясковыя навіны. Усё чуў калодзеж: і смех, і гвалт, і плач, і сваркі, і мерны стук мяліц, бо непадалёк была восець.
Але настала аднойчы раніца, калі ніхто не прыйшоў да калодзежа. Страшнае гора прыйшло ў вёску Ганчары, здавалася, што нават вада пачарнела ў калодзежы. Даўно швэндала па краіне чорная навала ў каваных ботах, з закасанымі рукавамі, але неяк абыходзіла нашу вёску. Толькі ўвесь час неспакойна жылі людзі. Не давалі продыху фашыстам народныя мсціўцы, а ворагі ў сваю чаргу здзекаваліся з простых савецкіх людзей.
У пачатку мая 1943 г. па дарозе на Гародзькі, дзесьці каля Дайноўкі, была знішчана група фашыстаў разам з нейкім важным афіцэрам. І ў адказ ворагі распачалі акцыю па знішчэнні мірнага насельніцтва. Напярэдадні трагедыі пяць ганчароўскіх мужчын – Майсей Ляхновіч, Сямён Радзівілка, Канстанцін Пасека, Максім і Антон Вяршыцкія – вазілі на станцыю здаваць цэглу (ганчароўцы догі час займаліся вырабам цэглы, нават мелі сваю цагельню). Дык нейкі Вайткевіч, начальнік цагельні, выдаў фашыстам прозвішчы гэтых мужчын, хаця ніякіх дакладных звестак пра тое, што менавіта яны знаходзіліся ў засадзе, няма.
Вось што ўспамінае Аляксандра Казіміраўна Ляхновіч: “Цяжкія роды прыкавалі мяне да ложка, я не магла падняць нават галавы. Як заракаталі матацыклы і па хатах пайшлі немцы, прыбегла суседка з крыкам: “Будуць страляць!” Я думала толькі, як выратаваць малое.
Першымі выгналі сям’ю Вяршыцкага Максіма, яго жонку Матруну і сына Пятра. Слухаю, пайшлі да хаты Ляхновіча Майсея. Усіх выгналі на двор – жонку Алену, сына Івана – 24 гады, нявестку Марыю – 22 гады разам з двухлетнім сынам, дачок Майсея Надзю і Аліму – 17 і 15 гадоў…
30 чалавек вяскоўцаў сагналі ў восець, якая стаяла недалёка ад калодзежа, расстралялі і падпалілі. Жудасная цішыня навісла над вёскай… Калі ад’ехалі каты ад папялішча, людзі, крадучыся, сышліся да восеці. Немагчыма перадаць словамі гора і боль вяскоўцаў. З цяжкасцю пазнавалі нявінных ахвяр. У куце бы жывая сядзела Аня Вяршыцкая з дачушкай Зіначкай, моцна прытуліўшы яе да грудзей. Але ў момант развалілася, ператварыўшыся ў кучку попелу. Так сталася з усімі”.
Аднавяскоўцы выкапалі магілы і пахавалі тое, што засталося ад маладых, дужых і здаровых людзей. Пяць сціплых помнікаў выраслі на месцы забойства. На помніках – 30 прозвішчаў і імён, трыццаць абарваных жыццёвых нітачак.

В. КАНАПЕЛЬКА.



Добавить комментарий