Ёсць людзі, якіх гады мяняюць да непазнавальнасці. Усё ў іх – аблічча, пастава, выраз твару, голас – становіцца не такім, як у маладыя гады. Разам з тым ведаю многіх, пра каго можна сказаць: змаглі захаваць у сабе сябе, нягледзячы на пэўную шліфоўку часам. Маладжавы бляск вачэй, тая самая дзіцячая ўсмешка, паводзіны не дазваляюць прымаць іх за кагосьці іншага…
Сённяшнюю нашу госцю – жыхарку райцэнтра, дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, эфектную жанчыну Святлану Іванаўну МУЧЫНСКУЮ, як нікога, неабходна прылічыць менавіта да другой групы.
На Валожыншчыне яе ведаюць як вопытнага кіраўніка, цудоўную жонку, адданую маці. Хоць у гэта цяжка паверыць, але яна ўжо бабуля. Я ж помню Светачку Ліштван маленькай першакласніцай у белым фартушку і са стужкамі ў косах. Погляд яе выразных блакітных вачэй і зараз нагадвае той дарагі для мяне час, калі дрэвы былі вялікімі…
– Дарагая Святлана, мы – аднакласніцы. Улічваючы восем сумесных гадоў у знакамітай Узбалацкай школе, якая зблізілі нас на ўсё жыццё, першы раз дазволю сабе правесці інтэрв’ю, звятраючыся да суразмоўцы на “ты”. Не супраць?
– Валянціна, наша з табой “выканне” напэўна б насмяшыла многіх.
– Што ж, пачнём з самага пачатку. Як і пад уплывам чаго фарміраваўся характар бялявай дзяўчынкі з Дайнавы?
– Дзяцінства было па-сапраўднаму шчаслівым. Сям’я – дружная, хоць у пэўным сэнсе і не зусім звычайная. Бацькі, калі я нарадзілася, мелі дзвюх дарослых дачок, таму па ўзросце для мяне маглі б быць дзядулем і бабуляй. З позняга дзіцяці яны літаральна пылінкі здзьмухвалі. Старэйшая сястра Ніна ўспрымалася хутчэй цёткай, а сярэдняя Ліля – усё жыццё і за матулю, і за сястру, і за самую лепшую ў свеце сяброўку. Муж яе Міша замяніў брата, якога ніколі не мела.
Бацька пайшоў з жыцця рана, я вучылася тады ў 6-м класе. Маці змагла ўбачыць сваю малую амаль дарослай, паспела нават замуж аддаць, але і яе таксама даўно няма, як і старэйшай сястры. Родныя людзі падарылі адчуванне ўласнай патрэбнасці. Гэта першае і галоўнае, што аказала магутнае ўздзеянне на мяне як на асобу. Другое – наша з табой родная школа, яе проста фантастычны педагагічны калектыў, які некалькі дзесяцігоддзяў узначальвала лепшы педагог у свеце Галіна Васільеўна Кароль. Ты ж памятаеш, у якіх спрыяльных умовах мы вучыліся. Сама школа – панаванне эстэтыкі і рацыянальнасці, а настаўнікі… Кожны – сапраўдны прафесіянал і выключны інтэлігент, чый знешні выгляд нагадваў нам зорак савецкага кіно. Элегантнасць і густ, строгасць і дабрыня, працавітасць і крэактыў… Усё гэта пра іх, і ў першую чаргу пра кіраўніка, якая ўмела даваць веды, арганізоўваць, дамаўляцца, маляваць, пісаць сцэнарыі і ўвасабляць іх у жыццё ў выглядзе мерапрыемстваў так, што мы мелі магчымасць адчуваць сябе таленавітымі артыстамі. Такіх навагодніх ранішнікаў, вечароў, піянерскіх збораў, тэматычных вусных часопісаў я больш ніколі ў жыцці не бачыла. Працаваць нас таксама вучылі ад душы. Не забылася пра школьны неабсяжны вопытны ўчастак? Мы ж нават бульбу ў калгасе ўбіралі, пачынаючы з 4 класа! Зараз дзяцей ні за што б не накіравалі на нарыхтоўку галінкавага корму ці на збор шышак зімой. А нас заўсёды лічылі дарослымі, давяралі, і мы нікога не падводзілі.
– Згодна з табой, Святлана. Скажы, родная вёска, яе жыхары сыгралі ролю ў тваім сталенні?
– А як жа! Гэта незвычайны куток са сваёй гісторыяй. Ты ж ведаеш, што ў 60-х гадах мінулага стагоддзя вёска згарэла. Пра тое, як яна аднаўлялся дагэтуль ходзяць легенды. Узаемападтрымка, небывалая цярплівасць, працавітасць саміх вяскоўцаў, арганізаванасць і шчыры клопат дзяржаўных службаў дазволілі людзям, што літаральна за гадзіну страці ўсю маёмасць, даволі хутка адбудаваць дамы і, што называецца, па-новаму разжыцца. Магчыма агульная бяда зрабіла дайноўцаў, у тым ліку і маіх бацькоў, надзвычай спагадлівымі людзьмі, пазбаўленымі зайдрасці і злосці…
– Наколькі я ведаю, асновай твайго дома ў Валожыне стала бацькоўская хата…
– Так, і я бясконца рада, што ў свой час прыняла такое рашэнне. Думаю, мне было б цяжка пераступаць родны парог, за якім – ніводнай жывой душы. А так… Усё працягваецца.
– Яшчэ ў школе ты трызніла педагагічнай дзейнасцю…
– Ніколі не ўяўляла сябе ў якойсьці іншай іпастасі. Некалькі разоў мяняла месца работы (ліцэй, СШ № 2), але педагагічнай справе не здраджвала. Дарэчы, я нават паспела папрацаваць у школе, якую лічу сваёй. Спачатку ўспрымала той факт, як выпрабаванне. Паспрабаваць стаць адной з тых, каго бязмежна паважаеш, з каго прывыкла браць прыклад, няпроста. Але гэты вопыт – самы каштоўны за ўсё жыццё.
– У якасці кіраўніка апіраешся на вопыт Галіны Васільеўны?
– Паўтарыць яе стыль немагчыма ні ў чым. Да таго ж я – зусім іншы чалавек. Але шчыра прызнаюся, пэўныя прынцыпы ў службовай дзейнасці – ад любімага дырэктара. Напрыклад, у адносінах да падначаленых стараюся заставацца патрабавальнай, пры гэтым раблю ўсё магчымае, каб кожны з іх меў упэўненасць, што ніколі не паступлю неспаравядліва, а ў цяжкую хвіліну зразумею і падтрымаю. Дарэчы, за ўвесь час, што ўзначальваю калектыў СПЦ, у нас звольніліся лічаныя людзі. Мы – добра зладжаная каманда, што дапамагае дзецям са складаным лёсам.
– На мой погляд, ты – самы аптымальны варыянт вобразу сучаснай жанчыны, якой удаецца паспяхова спалучаць прафесійную дзейнасць і сям’ю.
– Для мяне гэта прынцыпова, таму праз гады імкнуся да падобнага балансу. Безумоўна, муж Аляксандр, з якім разам ужо 30 гадоў, дачушка Кацярына і сын (таксама Аляксандр) заўсёды на першым месцы. Да таго ж зараз наша сямейнае кола пашырылася. Маю нявестку, зяця і ўнука Мішу. А яшчэ мы вельмі блізкія са сваякамі. Калі пад нашым дахам збіраюцца госці, гэта шчырая, гаманкая кампанія.
– Любіш святы?
– А як жа! Асабліва тыя, што з’яўляюцца традыцыйнымі. Яны, як нішто, умацоўваюць сямейныя адносіны. Калісьці мая матуля, яе браты і сёстры з сем’ямі кожную нядзелю наведвалі сваю маці. Так было заведзена. Родныя людзі цанілі нават імгненне, праведзенае разам. Іх сустрэчы станавіліся і творчай рэалізацыяй (усе спявалі, танцавалі, расказвалі байкі), і рэлаксам, і сапраўднымі нарадамі, падчас якіх вырашаліся многія сямейныя пытанні. Зараз жыццё больш імклівае, таму не магу сказаць, што мае дзеці наведваюць бацькоўскае гняздо таксама часта. Затое кожны іх прыезддля нас з мужам – падзея. На шчасце, сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць пастаянна быць на сувязі, не зважаючы на адлегласць.
– Света, ты такая жаноцкая, дагледжаная, маеш уласны стыль… Магчыма падзелішся нейкімі сакрэтамі ў сэнсе здаровага ладу жыцця, выкарыстання касметычных сродкаў?
– Не выдумляй! Якія сакрэты? Нічога надзвычайнага. Проста паважаю сябе і тых, хто побач. Ганаруся статусам бабулі, але выглядаць хачу прыстойна. А стыль… Вось ты аддаеш перавагу спартыўнаму, я ж так не магу. Адчуваю сябе ўпэўнена толькі ў падкрэслена жаноцкіх уборах і абавязкова на абцасах. На дыетах не сяджу, спортам асабліва ніколі не захаплялася. І ўсё ж басейн наведваю часта, стараюся рабіць пэўныя практыкаванні. Ды і ў сэнсе харчавання разумею неабходнасць устанаўліваць некаторыя абмежаванні.
– Маеш хобі?
– У гэтым кірунку я – чалавек не цікавы. Не спяваю, не малюю, дэкаратыўна-пракладнымі відамі мастацтва не займаюся. Работа, дом, прысядзібны ўчастак, трошкі тэлебачання і Інтэрнэту, любімыя Булгакаў ці Чэхаў перад сном… Калі плануецца прыезд нашчадкаў, пачынаючы з сярэдзіны тыдня, рыхтую прысмакі. Якія яшчэ могуць быць захапленні?
– Як лічыш, у нашы гады марыць не сорамна?
– Сорамна не марыць. На шчасце, ніколі не была асаблівым летуценнікам, таму мае спадзяванні рэалістычныя, як кажуць, жыццёвыя. Мару, каб усе былі здаровымі, каб добра працавалася, каб зарплаты хапала і на неабходнае, і на адпачынак, і на падарункі сваякам. Ведаеш, я не вельмі рэлігійная, але галоўнае, аб чым малюся кожны дзень, каб на маёй зямлі не было вайны.
– Пажадаеш што-небудзь чытачам “Працоўнай славы”?
– Абавязкова. Беражыце сябе! Шануйце сям’ю, дружбу і каханне. Не здраджвайце тым, хто вас любіць, і… працуйце з душой.
– Святлана! Наша гутарка падарыла мне сапраўднае задавальненне. Дзякуй табе!
– І табе дзякуй. Размова са школьнай сяброўкай – быццам непрацяглы візіт ва ўласнае дзяцінства.
Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара