23 студзеня ў СШ № 1 г. Валожына прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Маладзёжны КВІЗ” на тэму “Беларусь спартыўная”.
КВІЗ – разнавіднасць інтэлектуальнай гульні, у ходзе якой пытанні не толькі агучваюцца, але і адлюстроўваюцца на экране, што робіць мерапрыемства больш інфарматыўным. Арганізатарамі (педагогі школы) быў прыдуманы і цікавы дэвіз – “Неабходна не проста цікавіцца спортам, а ўпусціць яго ў сваё жыццё!”.
Гасцямі сяброўскай сустрэчы сталі першы сакратар РК БРСМ Уладзімір Ціханоўскі і старшыня маладзёжнага савета пры Валожынскім райкаме прафсаюзаў Анастасія Карачун. Запрошаныя павіталі ўдзельнікаў гульні і звярнулі іх увагу на актуальнасць выбранай тэмы. Адзначалася, што правядзенне падобных мерапрыемстваў спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.
Спаборніцтвы ў першай школе складаліся з шасці тураў, у кожным з іх прагучала па шэсць пытанняў, скіраваных на веданне гісторыі алімпійскага руху, спартыўных дасягненняў і асоб вядомых спартсменаў. Усе без выключэння ўдзельнікі каманд падчас пазнавальнай гульні маглі паказаць эрудыцыю і імкненне паглыбіць свае веды адносна спартыўнай тэмы. Дынамічны характар КВІЗа настолькі прыйшоўся даспадобы старшакласнікам, што яны вырашылі працягваць гульні падобнага фармату.
Пераможцам сустрэчы прызнана каманда 11 “А” класа. Юнакі і дзяўчаты адзначаны дыпломам і памятнымі падарункамі ад БРСМ. Прадстаўнікі 10 і 9 “Б” класаў (другое і трэцяе месцы) атрымалі дыпломы і падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Наш кар.