Сёння – прапанова, заўтра – прыемная рэальнасць:

VI Усебеларускі народны сход Главное

удзельнікі абласной дыялогавай пляцоўкі ў Чэрвені дзяліліся ўласнымі поглядамі і пажаданнямі на развіццё краіны ў бліжэйшай будучыні.

У аўторак у Чэрвені адбылася абласная дыялогавая пляцоўка па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў. Яе мадэратарам выступіў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта Вадзім ГІГІН, а ў рабоце прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў (на здымку). Падчас работы ўдзельнікі – кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінскага аблвыканкама, настаўнікі, журналісты, медработнікі, прадстаўнікі сферы спорту і турызму, іншыя – агучылі мноства слушных ідэй для мадэрнізацыі дзяржаўнай палітыкі на наступныя 5 гадоў.

Чэрвень нездарма быў абраны месцам правядзення абласнога мерапрыемства: у рамках падрыхтоўкі да “Дажынак-2020” тут зроблена вельмі многае і якасна. А станоўчы вопыт неабходна пераймаць і прымяняць. Таму перад пачаткам работы для ўдзельнікаў і гасцей дыялогавай пляцоўкі гаспадары горада правялі цікавую і пазнавальную азнаямленчую экскурсію па аб’ектах сацыяльнай сферы.

Работа дыялогавай пляцоўкі пачалася ў другой палове дня ў мясцовым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Іван Станіслававіч Маркевіч, які трымаў слова ў пачатку мерапрыемства, адзначыў важнасць і актуальнасць падобных форм зносін паміж грамадствам і ўладай: многія пытанні сацыяльнага, бытавога характару паспяхова вырашаюцца, а станоўчы вынік застаецца з людзьмі і для людзей. На Міншчыне праведзена каля 70 падобных дыскусій, ідэі будуць вынесены на Усебеларускі народны сход, а лепшыя з іх – атрымаюць сваё ўвасабленне. Гэтай жа мэце садзейнічае работа грамадскіх прыёмных у рэгіёнах і інш.

Ігар Уладзіміравіч Яўсееў вопыт свабоднага абмеркавання важных для ўсяго грамадства пытанняў, сумешчаны з нагляднымі станоўчымі фактамі развіцця таго ці іншага рэгіёну, таксама лічыць удалым. Як заўважыў памочнік Прэзідэнта, важна і тое, што ў такіх дыскусіях удзельнічаюць дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Падчас галоўнай палітычнай падзеі бягучага года яны змогуць данесці меркаванні і погляды вялікай колькасці людзей і сумесна выпрацаваць стратэгію паслядоўных і канструктыўных пераўтварэнняў у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах.

Пытанні і прапановы, агучаныя на дыялогавай пляцоўцы, ахоплівалі маштабны пласт грамадскага жыцця – ад пошукаў новых цікавых і змястоўных форм работы з моладдзю да вызначэння дадатковых мер стымулявання дэмаграфічнай сітуацыі. Дарэчы, аказалася, што большасць ідэй ужо распрацоўваюцца на ўзроўні Міністэрстваў і ведамстваў.

Удзельнікі сустрэчы выказаліся на тэмы павышэння якасці работы з падлеткамі і маладымі людзьмі, узмацнення патрыятычнага выхавання, больш актыўнага прыцягнення іх да вырашэння актуальных задач паўсядзённасці. Як падкрэслівалася, жывы адкрыты дыялог моцна дапамагае зразумець розныя праблемы, хутка знаходзіць эфектыўныя шляхі іх вырашэння. Таму фармат міжведамасных дыялогавых пляцовак у рабоце з маладым пакаленнем бачыцца незаменным сродкам для дасягнення паразумення, кансалідацыі, выхавання разумных, прагрэсіўных лідараў. З гэтым цалкам пагадзіўся намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама. Іван Маркевіч перакананы: маладым людзям трэба даваць больш шанцаў праявіць сябе і свае здольнасці, смялей даручаць важныя агульнаграмадскія задачы.

 Працягваючы тэму, сярод іншага прысутныя падзяліліся ўласным бачаннем сітуацыі ў адносінах да звышактуальнага ў сённяшніх супраць-эпідэмічных рэаліях дыстанцыйнага навучання. Большасць выказалася за захаванне і максімальнае выкарыстанне класічнай класна-ўрочнай сістэмы адукацыі: “савецкая” мадэль нездарма была прызнана лепшай у свеце, яна дазваляе непасрэдна ўдзельнічаць у фарміраванні асобы дзіцяці як паўнавартаснага будучага грамадзяніна і своечасова карэкціраваць гэты працэс. Сістэма ж анлайн-заняткаў таксама павінна быць дасканала выпрацавана, аднак прымяняць яе, на думку ўдзельнікаў форуму, варта толькі па меры неабходнасці.

Як стала вядома, на рэспубліканскім узроўні ўжо вядзецца распрацоўка праграмы патрыятычнага выхавання моладзі на будучую пяцігодку, дэталямі падзяліўся мадэратар дыялогавай пляцоўкі Вадзім Гігін. Ён жа заклікаў уносіць прапановы па формах і метадах такой работы. Галоўнае – заўсёды падтрымліваць інтарэс выхаванцаў, не даваць ім страціць цікавасць да прадмету і ператварыць працэс у руціну.

Заканчваючы “школьны” блок абмяркоўваемых пытанняў, дэлегаты ад раёнаў прапанавалі перагледзець падыходы да прафарыентацыі і актывізаваць работу ў гэтым напрамку, пачынаючы са звяна сярэдніх класаў. Як паказвае практыка, сёння старшакласнікі ў цэлым слаба ўяўляюць разнастайнасць свету прафесій, не ў поўнай меры разумеюць спецыфіку канкрэтнай працы. А таму часта робяць неўсвядомлены выбар, расчароўваюцца і становяцца абыякавымі, незаматываванымі спецыялістамі з “нулявой” аддачай, як бы крыўдна гэта ні гучала. Сітуацыю трэба мяняць – і хутка.

У час дыялога паступіла таксама слушная прапанова раздзяліць сферы адукацыі і спорту і турызм: па меркаванні дэлегатаў, за развіццё турыстычнага патэнцыялу павінен адказваць адзін спецыяліст або каманда (у вялікім рэгіёне), зацікаўленыя прафесіянальна “прасоўваць” прадукт. Ідэю падтрымалі. Апроч таго, ёсць інфармацыя, што на базе Мінскай вобласці будзе рэалізаваны пілотны праект у гэтым кірунку. Аднак дэталі яшчэ дадаткова абмяркуюць, удакладняць і толькі тады вынесуць сутнасць праекта на шырокую публіку.

Цікавай і змястоўнай выйшла гутарка пра спосабы падтрымкі маладых спецыялістаў. Напрыклад, адной з мер называлі магчымасць аператыўнага забеспячэння чалавека, які толькі ўладкаваўся на працу пасля ВНУ, арэндным жыллём. У Івана Станіслававіча Маркевіча, праўда, пазіцыя іншая: ён перакананы, што больш эфектыўнай выглядае магчымасць будаваць жыллё ўласнае – пры падтрымцы льготных крэдытных рэсурсаў. А для гэтага трэба, каб банкі своечасова падставілі плячо і ўжо цяпер прыступілі да распрацоўкі новых выгадных для маладых работнікаў прадуктаў. Абгаворваўся таксама і варыянт з вяртаннем магчымасці прыватызацыі службовага жылля пасля пэўнага стажу адпрацоўкі на адным месцы.

Шмат пытанняў удзельнікі дыялогавай пляцоўкі прысвяцілі развіццю сістэмы аховы здароўя, вырашэнню дэмаграфічных праблем. Апошніх, на жаль, назапасілася нямала. Нездарма ў прыярытэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады асобнае месца адведзена максімальнаму ўмацаванню інстытута сям’і (у тым ліку – шматдзетнай) і традыцыйных каштоўнасцей, беражліваму стаўленню да здароўя, актыўнаму доўгажыхарству, клопату аб пажылых і інш. Сёння на Міншчыне даказалі эфектыўнасць дыялогавыя пляцоўкі з сем’ямі, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Як заўважыла прадстаўнік аблвыканкама, у час абмеркаванняў выразна акрэслілася кола праблем, якія найбольш хвалююць шматдзетных татаў і мам. Сярод прапанаванага гэтай катэгорыяй насельніцтва, напрыклад,  дадатковыя варыянты датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. Адзначалася, што на рэспубліканскі ўзровень для стымулявання нараджальнасці выносіцца прапанова практыку назначэння сямейнага капіталу пашырыць на сем’і з другім і наступнымі дзецьмі! Акрамя таго, незаслужана абдзеленымі ўвагай і падтрымкай пакуль што застаюцца няпоўныя сем’і. Ёсць ідэя ўдасканаліць заканадаўства, каб наймальнік быў зацікаўлены браць на працу бацькоў, якія гадуюць дзетак у адзіночку. Пэўныя механізмы ўжо распрацоўваюцца і будуць вынесены на Усебеларускі народны сход.

У ліку тэм, абмеркаваных на абласной дыялогавай пляцоўцы, – і развіццё сферы культуры. Як слушна заўважылі выступоўцы, назіраецца пэўная недасканаласць тэставай сістэмы, пры якой студэнта залічваюць выключна на аснове набраных ім балаў. У выніку ў навучальныя ўстановы культуры не так ужо і рэдка трапляюць людзі выпадковыя, без творчай “іскаркі”, якая з’яўляецца ў гэтай прафесіі неад’емнай. А вопытны выкладчык у жывой размове мог бы разгледзець патэнцыял абітурыента, ацаніць яго талент… Увогуле, сёння ў культуры дастаткова шмат нявырашаных праблем, таму заклік падтрымаць галіну, што распаўсюджвае ідэалы маралі, самабытнасці, прапагандуе спрадвечныя беларускія традыцыі, гучаў актуальна і пераканаўча.

Гэтыя і іншыя пытанні разглядалі на працягу трох гадзін. Пры падвядзенні вынікаў работы была дадаткова адзначана каштоўнасць паўнацэнных зносін, якія забяспечваюцца дыялогавымі пляцоўкамі. Кожнае меркаванне пачута, кожная прапанова становіцца штуршком для актывізацыі дзейнасці, накіраванай на паляпшэнне, удасканаленне розных сфер жыццядзейнасці як канкрэтных рэгіёнаў, так і краіны ў цэлым. А значыць, такая практыка даказала права на існаванне і будзе працягнута.

 

Фотаздымкі, зробленыя падчас  экскурсіі: 

 

 

Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара і газеты  «Мінская праўда»