Дэлегат УНС: дзяржава заўсёды імкнулася максімальна выконваць планы пяцігодак

VI Усебеларускі народны сход

Дзяржава заўсёды старалася максімальна выканаць распрацаваныя і прынятыя пяцігадовыя планы па развіцці краіны, і асабліва плённа і паспяхова яны рэалізоўваліся ў апошнія дзесяць гадоў. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Барташ, якая вылучана дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход.

«Новым вопытам Усебеларускі народны сход для мяне не стане, таму што ўжо двойчы ўдзельнічала ў гэтым маштабным мерапрыемстве. На чацвёртым сходзе многія адзначалі, што ў 2011-2015 гадах неабходна акцэнтаваць увагу на ўкараненні інавацый і прыцягненні інвестыцый у краіну. На наступным сходзе большасць дэлегатаў выступала за павышэнне нараджальнасці, умацаванне здароўя грамадзян, забеспячэнне будаўніцтва якаснага і даступнага жылля, павышэнне эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу. Пасля абмеркавання з дэлегатамі асноўных напрамкаў развіцця краіны, актуальных праблем і спосабаў іх вырашэння кожны раз у наступныя пяць гадоў назірала, як гэтыя пажаданні і чаканні жыхароў нашай краіны ўвасабляліся ў рэальнасць, а надзённыя праблемы вырашаліся».

«За апошнія гады Беларусь сапраўды рушыла наперад у развіцці, і пэўную ролю ў гэтым адыграў усенародны сход, які дае магчымасць акумуляваць запатрабаванні людзей разам і прадумаць крокі для іх ажыццяўлення», — расказала Святлана Барташ.

Паводле слоў дэлегата, Усебеларускі народны сход заўсёды аб’ядноўваў дэлегатаў розных узростаў і прафесій з усёй краіны, якія без праблем знаходзілі агульную мову і стараліся пабудаваць падчас мерапрыемства канструктыўны і карысны дыялог. «Спадзяюся, што чарговы сход таксама пройдзе спакойна і плённа, таму што нам давядзецца абмеркаваць шмат актуальных тэм. Гэта ў першую чаргу — палітычны лад краіны, але таксама трэба ўзняць і многія сацыяльна-эканамічныя пытанні», — адзначыла Святлана Барташ.

Для абмеркавання на сходзе ў дэлегата некалькі тэм. Гэта эфектыўная рэалізацыя дзяржаўных праграм у краіне і больш строгі кантроль за ажыццяўленнем праектаў, развіццё сельскіх населеных пунктаў і стварэнне ў іх інфраструктуры для камфортнага жыцця. А таксама неабходнасць з’яўлення новых прадпрыемстваў у невялікіх гарадах, дзе людзі маюць вострую патрэбу ў рабочых месцах. «У бліжэйшыя гады трэба зрабіць усё магчымае, каб беларусы мелі магчымасць працаўладкавацца па месцы жыхарства і атрымліваць за сваю работу дастойную заработную плату. Для гэтага я пастараюся прыкласці ўсе намаганні», — падкрэсліла Святлана Барташ.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек.