Качанава: на Усебеларускім народным сходзе нас чакае цікавая дзелавая размова

VI Усебеларускі народны сход

Цікавасць да маючага адбыцца VI Усебеларускага народнага сходу вельмі вялікая, і прапаноў па розных напрамках развіцця краіны — як вусных, так і пісьмовых — паступала вельмі шмат. Аб гэтым сказала сёння журналістам старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава на рэгіянальным сходзе дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу ад сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава выказала ўпэўненасць у тым, што ўдзел у сходзе ганаровы для кожнага дэлегата. Гэта важнае грамадска-палітычнае мерапрыемства ў жыцці краіны, на якім будзе разгледжана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на новую пяцігодку.

«Традыцыйна на сходзе разглядаецца перспектыва развіцця краіны на бліжэйшае пяцігоддзе. Перш за ўсё гэта эканоміка. Сёння гучаць і пытанні, якія датычацца грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Вы чуеце, што шмат сёння гавораць аб змяненнях у Канстытуцыю, унясенні паправак. Калі ў грамадстве ёсць запатрабаванне, то, вядома, будзем разглядаць», — сказала Наталля Качанава.

Яна падкрэсліла, што ўсе прапановы, якія паступалі на дыялогавых пляцоўках, у грамадскія прыёмныя і пісьмова ў Савет Рэспублікі, уважліва разглядаюцца, абагульняюцца і будуць улічаны ў падагульняючым дакуменце. «Па ўсіх сферах: гэта і будаўніцтва, і работа прамысловых прадпрыемстваў, і сацыяльная сфера — усё, што хвалюе грамадзян», — дадала Наталля Качанава. І звярнула ўвагу на актыўнасць грамадзян, іх неабыякавасць да пытанняў развіцця краіны. «У Савет Рэспублікі паступала вельмі шмат прапаноў ад грамадзян. Дарэчы, было нямала жадаючых паўдзельнічаць, задаваліся пытанні, як трапіць на Усебеларускі народны сход. Думаю, нас чакае цікавая дзелавая размова», — рэзюмавала яна.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек. Мінск прадставяць 366 дэлегатаў.