Бухгалтар з душой лірыка

Люди и судьбы

Раіса Вікенцьеўна МАРАЗОЎСКАЯ з Валожына ў 2020 годзе адзначыла прыгожую прафесійную дату. 40 гадоў аддадзены ёй дружнаму калектыву раённага  цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Вопытны галоўны бухгалтар на працягу чатырох дзесяцігоддзяў трымае ў руках фінансавую дзейнасць установы прафілактычнай медыцыны. За гэты час, падтрымліваючы цесны кантакт з усімі структурнымі падраздзяленнямі цэнтра, паспела добра ўнікнуць не толькі ў пытанні бухуліку, налічэння зарплаты, выпісвання і аплачвання рахункаў, але і ў кірункі санітарна-гігіенічнага кшталту.

Раіса Вікенцьеўна – спецыяліст, пра якіх кажуць – ад Бога. Сама яна прызнаецца, што прафесію не выбірала – спецыяльнасць быццам бы сама выбрала дзяўчынку з выключнымі матэматычнымі здольнасцямі. Вучаніцай Кражынскай васьмігодкі Рая на хаду засвойвала школьную праграму навукі з навук, магла імгненна выдаць некалькі варыянтаў рашэння любой задачы і проста абагаўляла сваю настаўніцу Галіну Фёдараўну, якая і дапамагла  ёй на ўсё жыццё пасябраваць са светам лічбаў. Дык чаму ж менавіта бухгалтэрыя? Справа ў тым, што ў той час ні ў самой школьніцы, ні ў яе сваякоў проста не хапіла інфармацыі адносна таго, дзе б лепш прымяніць веды па любімым прадмеце. Простыя людзі ведалі адно: уменне добра лічыць патрэбна ў першую чаргу… бухгалтару з калгаснай канторы.

Пасля школы яна паспяхова скончыла Навапольскі тэхнікум. Вышэйшую ж адукацыю ў наргасе набывала завочна. Непрацяглы час працавала ў саўгасе імя Маякоўскага (Камень) і калгасе імя М. Горкага (Вішнева). Але ж дзейнасць сельгасарганізацый – адно, а медустанова – зусім іншае. Аднак атрыманы вопыт (а ёй заўсёды шанцавала на настаўнікаў) дазволіў упэўнена прыступіць да новай і, як прызнаецца сама, цікавай работы. Сёння і кіраўнік, і супрацоўнікі РЦГіЭ літаральна ў адзін голас сцвярджаюць: іх бухгалтэрыя ў руках высакакласных спецыялістаў на чале з чалавекам, які пра сваю прафесію не ведае толькі тое, чаго і ведаць не патрэбна.

Як і большасць добра адукаваных людзей, Раіса Вікенцьеўна мае шырокі кругагляд, захапляецца літаратурай. Яна, напрыклад, з аднолькавым інтарэсам можа прысвяціць вольны час як рашэнню матэматычных задач з сучасных школьных падручнікаў, так і чытанню (нават завучванню на памяць!) твораў любімага аўтара – Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.

Жанчына ўжо 17 гадоў, як удава. Аднак ніколі не дазваляе сабе скардзіцца на цяжкасці жыцця. У гэтай маладжавай, танклявай, апранутай у стылі Шанель жанчыны двое дарослых сыноў і чацвёра ўнукаў. І яна, між іншым, пенсіянерка. Але ж хіба скажаш? Талковы суразмоўца, чалавек з выключным пачуццём гумару, аматарка рухальнай актыўнасці… Гэта ўсё пра яе.

Ад матулі, жыхаркі Кражына, якая ўжо перасягнула 90-гадовы рубеж,  Раіса Вікенцьеўна добра ведае падрабязнасці трагедыі роднай вёскі. На могілках у Кражыне ляжаць некалькі сваякоў. Таму з маладых гадоў найвялікшай жыццёвай каштоўнасцю яна лічыць мір, любоў і спагаду чалавека да чалавека, адданасць сям’і і прафесійнаму прызванню.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара