Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Са студзеня шышкасушылка лясгаса, якая ўстаноўлена ў Пяршайскім лясніцтве, запушчана ў работу. Запланавана сёлета перапрацаваць 10 тон шышак сасны для ўласных патрэб. Цікава ведаць і наступны факт: з 1 тоны шышак атрымліваецца 1 кілаграм насення, так што працэс гэты працаёмкі.

Акрамя сваіх патрэб, атрыманы заказ на перапрацоўку шышак са Смалявіцкага і Бярэзінскага лясгасаў, дзе няма шышкасушыльнага агрэгата. Першыя плануюць паставіць у Пяршайскае лясніцтва 2 тоны шышак, другія – 15 тон. На дадзены момант леснікі і рабочыя гадавальніка лясгаса сабралі 8 тон шышак. Пасля іх апрацоўкі насенне з крылаткай будзе дастаўлена для далейшай перапрацоўкі і захоўвання ў маразільных камерах у Рэспубліканскі лясны насенняводчы цэнтр, які знаходзіцца ў вёсцы Шчомысліцы Дзяржынскага раёна. Там, дарэчы, захоўваецца ўжо трохгадовы запас насення сасны нашага лясгаса, гатовы для правядзення пасадачных работ.

 Да Таццянінага дня ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло мерапрыемства з конкурснай праграмай “Таццяны мілы ідэал”.

 Акрамя загадчыцы Таццяны Вітальеўны Акушка, дзве Таццяны былі і сярод наведвальнікаў аддзялення. Менавіта ім у той дзень прысвячаліся словы віншавання ў вершах і ў прозе. Таксама быў падрыхтаваны невялікі экскурс у гісторыю свята. А потым усе разам сабраліся за святочным сталом, пілі гарбату і ўдзельнічалі ў цікавых конкурсах.

 У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры з 1 лютага пачалі працаваць адразу дзве выставы.

 Назва першай выставы – “На вячоркі ў музей!” – гаворыць сама за сябе. Музейныя работнікі, выкарыстоўваючы экспанаты з фондаў, паспрабавалі адрадзіць традыцыйныя заняткі нашых продкаў доўгімі зімовымі вечарамі. На вячоркі збіраліся мужчыны і жанчыны, кожны займаўся любімай справай: ткалі, вышывалі, але і танцы ладзілі, і спявалі. Ад ткацкага станка да музычных інструментаў можна ўбачыць на выставе. Аформлена прыгожая фотазона, дзе можна ўявіць сябе ў далёкім мінулым. На другой выставе “Святло даўніны” прадстаўлены абразы ХІХ стагоддзя, арнаты – убранне каталіцкіх святароў, разнастайная рэлігійная літаратура.

На гандлёвай пляцоўцы, абсталяванай на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка Івянец, у сярэдзіне студзеня з’явіўся прыгожы стацыянарны міні-магазін “Вожык”, які належыць мясцоваму індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю Шымаку. Тут можна набыць дзіцячае адзенне.

Пячэнне, цукеркі і іншыя ласункі прадаюцца ў гандлёвай краме ІП Бібіка, якая замяніла яго некалішнюю палатку. Трэба адзначыць, што першым па-сучаснаму абсталяваў сваё гандлёвае месца прадпрымальнік Д. І. Малажавы, які шмат гадоў гандлюе на гэтым месцы садавіной і агароднінай, паказаўшы такім чынам прыклад калегам.

Першы дыплом у новым годзе атрымала дырэктар Пугачоўскага сельскага Дома культуры Наталля Жызнеўская.

Адлікам творчых перамог у 2021 годзе стаў Дыплом за трэцяе месца ў міжнародным фотаконкурсе “Птушкі зімой”. На конкурс Наталля адпраўляла фота пад назвай “Бравыя рабяты” і кароткае апісанне асацыяцый, якія выклікаў занатаваны кадр. А на ім адлюстраваны звычайныя вясковыя вераб’і, якія, нягледзячы на 25-градусны мароз, весяліліся на дрэве ў двары аўтаркі. Відавочна, злоўленае імгненне жыцця зацікавіла і журы конкурсу.

У Івянецкім доме культуры прайшла акцыя “Правілы паводзін”. Яе падрыхтавалі работнікі для дзяцей і падлеткаў, якія наведваюць гурткі і аб’яднанні ў гэтай установе.

Размова ішла пра бяспечную жыццядзейнасць у зімовы перыяд: катанне на цюбінгах і санках з горак, знаходжанне на лёдзе і інш. Вучні атрымалі спецыяльныя буклеты-напамінкі.

Новы гурток па дрэваапрацоўцы “Зрабі сам” пачаў працаваць у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў у тэрытарыяльным цэнтры. Закуплены неабходныя інструменты.

Разам з кіраўніком гуртка Аляксандрам Генрыхавічам Цяшкевічам літаральна за першыя дні прадстаўнікі мужчынскай часткі выхаванцаў зрабілі падстаўкі для мабільных тэлефонаў, карцінкі-мазаікі. З задавальненнем займаюцца новай справай і інваліды-калясачнікі, і людзі пасля інсульту.