Стагоддзе –слаўны юбілей

Люди и судьбы

Нядаўна старшыня і член савета раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Клачко і Вікенцій Адамовіч наведаліся да жыхаркі Валожына Надзеі АРЦЁМЕНКА, каб ад імя арганізацыі павіншаваць яе са слаўным юбілеем – стагоддзем і ўручыць памятны падарунак.

Надзея Іванаўна нарадзілася 27 снежня 1920 года ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Там прайшлі дзяцінства, юнацтва… Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Магілёўскі педінстытут. Падчас здачы дзяржаўных экзаменаў на атрыманне дыплома даведалася, што пачалася Вялікая Айчынная вайна. Незадоўга да гэтага яна выйшла замуж. Малады муж – лейтэнант Чырвонай Арміі – адправіўся на фронт. Калі нарадзілася іх дачушка, бацькі ўжо не было сярод жывых. Цяжка прыйшлося маладой жанчыне з маленькім дзіцем на руках у гады фашысцкай навалы.

У жніўні 1944 года, пасля вызвалення Беларусі, маладая настаўніца пачала працоўную дзейнасць. Спачатку яна выкладала рускую мову і літаратуру ў Ордацкай сямігодцы. Затым была Забродская сярэдняя школа. Тут лёс звёў яе з настаўнікам матэматыкі, франтавіком-удаўцом, які таксама выхоўваў малую дачку. Яны пажаніліся, з любоўю выхоўвалі дзяўчынак, клапаціліся адзін пра аднаго, а пазней нарадзілі агульнага сыночка. Жыццё ішло, і сям’я перабралася ў Заходы, дзе дваццаць гадоў педагогі прапрацавалі ў мясцовай школе. У 1970 годзе Надзею Арцёменка ўзнагародзілі медалём “За доблесную працу”.

У 1975 годзе Надзея Іванаўна дасягнула пенсійнага ўзросту і пайшла на заслужаны адпачынак, яе агульны стаж склаў 37 гадоў і 4 месяцы. Здароўе, падарванае ў паўгалодныя дзіцячыя і юнацкія гады, не дазваляла працаваць далей, таму яна прысвяціла сябе дому, сям’і. Праз пяць гадоў смерць забрала і другога мужа. Яшчэ 5 гадоў пражыла наша гераіня ў Заходах. Самаадчуванне няўмольна пагаршалася. Бліжэйшая бальніца знаходзілася ў райцэнтры за 25 кіламетраў ад населенага пункта, асабліва не наездзішся хвораму чалавеку.

Дзеці даўно разляцеліся з бацькоўскага гнязда па розных гарадах. Адной жыць далей было немагчыма. Таму прыняла рашэнне ехаць да дачкі ў Валожын. Ёй вельмі падабаўся гэты невялікі, прыгожы, чысты горад, куды на працягу больш як 20 гадоў наведвалася да родных у госці. Так у 1986 годзе Надзея Іванаўна стала жыхаркай Валожына. Тут яна змагла па-сапраўднаму заняцца сваім здароўем. Вельмі радавала, што незвычайна блізка, прама пад бокам, знаходзяцца бальніца, паліклініка, куды неўзабаве звярнулася.

 Урачы прынялі новую пацыентку гасцінна, зрабілі ўсё, што ад іх залежала: узялі неабходныя аналізы, правялі поўнае абследаванне і назначылі лячэнне. Прафесіяналізм спецыялістаў дапамог палепшыць і падтрымліваць на належным узроўні жыццядзейнасць арганізма. Надзея Іванаўна была вельмі абавязковым пацыентам, з ахвотай выконвала ўсе прадпісанні, наведвала лячэбныя працэдуры. З удзячнасцю яна ўспамінае майстэрства і добрыя адносіны Валерыя Грыкі, Тамары Урбановіч, Ірыны Шота, Галіны Бабак. На дадзены час жанчына не мае магчымасці бываць у паліклініцы. Прыходзіць на дом, сочыць за станам здароўя, дае неабходныя рэкамендацыі клапатлівы і ўважлівы ўчастковы ўрач-тэрапеўт Алена Лушчыцкая.

У 1991 годзе абставіны склаліся так, што наша гераіня стала жыць у доме № 16 па вуліцы Камсамольскай, дзе, у асноўным, асталяваліся сем’і ваенных. Добразычлівая, жыццярадасная, спагадлівая, яна хутка пасябравала з суседзямі, займела новых знаёмых. Насельнікі дома, а таксама суседзі з прыватных домаўладанняў насупраць заўсёды былі побач, не пакінулі, і калі прыйшла бяда – заўчасна пайшлі з жыцця з-за цяжкіх хвароб сын і дачка. На працягу многіх гадоў гэтыя людзі аказвалі падтрымку, чым, як яна лічыць, паўплывалі на працягласць жыцця сталай жанчыны. У добрым суседстве пражыла яна тут 29 гадоў.

Шмат добрых слоў Надзея Іванаўна выказала ў адрас работнікаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алы Бітэль, Таццяны Барышчук, Таццяны Балдоўскай і Ліліі Вараб’ёвай. Безадмоўныя, уважлівыя, сардэчныя працаўніцы на працягу 15 гадоў дапамагалі і дапамагаюць весці хатнюю гаспадарку, дастаўляюць прадукты і лекі. Адзначыла і кіраўніка сваёй групы Ганну Альшэўскую, якая таксама часта наведвалася да яе, душэўная жанчына ўмее падтрымаць маральна, лечыць словам.

 Важнае значэнне ў справе даўгалецця мае лад жыцця, што вядзе чалавек. Надзеі Іванаўне з дзяцінства даводзілася шмат і цяжка працаваць. Яна расла ў беднай шматдзетнай сям’і, таму, пачынаючы з пятага класа, шчыравала на калгасных палетках, дапамагала бацькам зарабляць хлеб, якога ў той час не хапала. Нават малым яго выдавалі па кавалачках. Школы, дзе вучылася, размяшчаліся за некалькі кіламетраў ад дома, даводзілася рана ўставаць, каб паспець на заняткі. Калі ўжо дарослая занялася падлікамі, то аказалася, што на дарогу ў школу і са школы прыходзіцца больш за 10 тысяч кіламетраў. Харчавалася ўсё жыццё простай ежай, ужывала шмат агародніны і садавіны. Шмат рухалася. Да 90 задоў працавала фізічна. Каля дома па вуліцы Камсамольскай сама раскапала 1,5 соткі зямлі, кожны год брала ў рукі лапату, граблі і ішла на свой агародзік, дзе вырошчвала зяленіва, цыбулю, моркву, буракі. Яна ўпэўнена: вельмі добра, калі рукі заняты справай – у галаву тады дрэнныя думкі не лезуць, і для арганізма карысна. Пазней спасцігала розныя комплексы практыкаванняў, якія знаходзіла ў “Аргументах і фактах”, медыцынскіх часопісах і бачыла па тэлевізары. Такім чынам падтрымлівала свой зношаны арганізм.

Важнай для доўгажыхарства Надзея Іванаўна лічыць і такую рысу характару, як цярпенне. Ад прыроды чалавек спакойны, бесканфліктны, ураўнаважаны, яна ўмее кантраляваць эмоцыі і пачуцці. Істотнай умовай для захавання здароўя лічыць спакойны сон, якім, на жаль, апошнім часам людзі часта грэбуюць, падпарадкоўваючыся жаданню пасядзець у тэлефоне ці камп’ютары.

Надзея Іванаўна гаворыць, што сапраўднага рэцэпта даўгалецця няма. Важная кожная акалічнасць: з кім жывеш, сябруеш, хто твае суседзі, як склалася асабістае жыццё, якія ў цябе дзеці, дзе вучыліся, якія спецыяльнасці набылі і г. д. Нездарма гавораць, што чалавек – каваль уласнага шчасця. Наогул, старасць – гэта вялікая праца.

 Нягледзячы на складаны лёс, Надзея Іванаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Родныя заўсёды былі побач, атулялі любоўю, павагай і клопатам. Адразу пра матулю клапацілася дачка, затым акружылі бабулю ўвагай унукі Іна і Аляксандр Стральцовы. У красавіку мінулага года, калі стан здароўя жанчыны пагоршыўся, яе запрасіла пажыць праўнучка Анастасія. Маладая сям’я Гаспарэвічаў ажыццяўляе поўны догляд за прабабуляй. А тая бясконца ўдзячна ўсім людзям, якія дапамагалі і дапамагаюць ёй. Радуецца пажылая жанчына, што набыла багатую спадчыну: у яе 6 унукаў, 9 праўнукаў, 2 прапраўнукі.

Падчас візіту Надзея Іванаўна папрасіла перадаць валожынцам пажаданне доўгіх гадоў жыцця, здароўя, каб страшная хвароба, якая абрынулася на свет, не кранула сем’і, адступілася, каб у душах пасяліліся надзея, упэўненасць, што наперадзе будзе шмат светлых, радасных, шчаслівых дзён.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара