Намяло, дык намяло…

Общество

Не памылюся, калі скажу, што менавіта такія думкі ўзнікалі ў кожнага, хто раніцай 27 студзеня выходзіў з дома – снегу ў прамым сэнсе навярнула. Складанасці ў перамяшчэнні адчувалі і людзі, і транспартныя сродкі. Дзесьці падалі дрэвы, абрываліся электраправады, засядалі ў снежных заносах машыны.

 Папярэджанне аб непагадзі на 27 студзеня распаўсюдзілі Белгідрамет і МНС. Паведамлялася, што ў асобных раёнах краіны будуць назірацца складаныя ўмовы надвор’я: магчыма наліпанне мокрага снегу, на дарогах – галалёдзіца. Моцныя снегапады і парывісты вецер на Беларусь прынёс паўднёвы цыклон “Ларс”.

На шчасце, адчувальных надзвычайных здарэнняў у нашым раёне не адбылося. У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях расказалі, што былі зарэгістраваны некалькі адключэнняў электразабеспячэння. Так, 26 студзеня з-за наліпання мокрага снегу без святла засталіся 2 вёскі ў Вішнеўскім сельсавеце. Паведамленне ў раён электрасетак паступіла ў 20 гадзін 20 хвілін, а ў 21.07 аварыйная брыгада ліквідавала прычыну адключэння ліній электраперадач. 28 студзеня пры падзенні дрэва адбыўся абрыў правадоў у 4 населеных пунктах Ракаўскага сельсавета. Над аднаўленнем электрычнасці працавала 1 адзінка тэхнікі і 3 работнікі РЭС. У 15 гадзін 23 хвіліны работы цалкам былі завершаны.

Ва ўзмоцненым рэжыме працавала дарожная служба. Па звестках ДРБУ № 167, на расчыстцы дарог былі задзейнічаны 5 машын-пескараскідвальнікаў і 5 пагрузчыкаў на пагрузцы пясчана-солевай сумесі. За 26 студзеня былі ачышчаны і падсыпаны больш за 250 кіламетраў дарог па раёне, а 27-га – каля 800 кіламетраў. Вадзіцелі працавалі да 21 гадзіны, а пасля ў 2 ночы ізноў садзіліся за руль.

На абслугоўванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў населеных пунктах і ў Валожыне знаходзяцца 472 кіламетры вулічных дарог. Спачатку прыводзілі ў парадак цэнтральныя праезды ў райцэнтры. Каб не дапусціць завужвання праезнай часткі, снег з горада для складзіравання вывозілі на спецыяльную пляцоўку, што паблізу вёскі Улазавічы. Збоеў у транспартным абслугоўванні ўдалося пазбегнуць. Работы па ачыстцы тратуараў вяліся некалькі дзён.

А вось у метэастанцыі Валожын расказалі, што за два дні ў раёне выпала 25 міліметраў ападкаў, ці 167 працэнтаў ад дэкаднай нормы. Часам назіраліся мяцеліца і ўзмацненне ветру да 13 метраў за секунду. Вышыня снежнага покрыва ў асноўным склала 20 сантыметраў. Метэаролагі звярнулі ўвагу, што гэта не так многа – за апошнія гады ўсе мы проста адвыклі ад сапраўднай зімы. Увогуле ж па шматлікіх назіраннях у зімовы перыяд са снегам павінны быць каля 100 дзён у годзе.

Алена ЗАЛЕСКАЯ