Малітва нявольніка

Культура

Летам 1941 года Янка ўпершыню сенаваў адзін – бацька перад Калядамі захварэў і да вясны не дажыў. Семнаццацігадовы юнак стаў надзеяй і апорай для маці і васьмігадовага брата Паўліка. Дарослыя турботы аддалілі Янку ад вясковай моладзі і прымусілі больш часу праводзіць у кампаніі сталых мужчын. “Бач ты, як немец хутка рушыў! Можа, калі фронт далёка, то нас вайна не зачэпіць?” – разважалі дзядзькі, пыхкаючы самакруткамі. Слухаючыся суседскіх парад, Янка закапаў у садзе бочку зерня, разам з маці схаваў у лесе свінчо, карову і з трывогай чакаў, як будуць развівацца падзеі далей.
У тую раніцу вёска прачнулася ад нязвыклага рову: падымаючы па вуліцы клубы пылу, ехалі матацыклы, грузавыя машыны з фашысцкімі салдатамі. Праз некаторы час рух спыніўся, і немцы пачалі разыходзіцца па дварах.
Маці, Янка і Паўлік, баючыся выйсці на ганак, праз акно назіралі, як на іхнім падворку гаспадарылі чужакі. Пяцёра ваякаў паздымалі форму і пачалі мыцца каля студні. Мыльныя патокі злучаліся і ператвараліся ў вялізазную лужыну.
– Няўжо не разумеюць, што брыдка разводзіць балацюгу каля ганка? – зашаптаў малы Паўлік.
– Кінь, сынок! Хай робяць, што хочуць, абы нас не чапалі! – уздыхнула маці і прытуліла сына. Тут у сенцах пачуўся стук абцасаў, моцна бразнула клямка і ў хату ўвайшоў малады немец. Ён яўна быў у настроі, Паўліку працягнуў плітку шакаладу, пачаў падаваць знакі, што яму патрэбны міскі і лыжкі. Напалоханая жанчына не магла рушыць з месца, немец нахмурыўся, рэзка нешта гаркнуў і пачаў адкрываць шафы, куфэрак, шуфлядкі кухоннага стала. Выцягнуў бялюткі абрус, які ніколі не засцілаўся, такія ж чыстыя, неўжываныя ручнікі. Затым знайшоў у скрыні засыпаны соллю кумпяк і, закруціўшы яго ў абрус, выйшаў на двор.
– Мама, паглядзі, якімі кавалкамі яны наш кумпяк рэжуць! – абураўся Паўлік. – А ты казала, што на капанне бульбы яго пакінеш…
Салдаты, абкрамсаўшы салёнае мяса, кінулі костку ў бок будкі, дзе, схаваўшыся ад летняй спёкі, адпачываў дабрадушны і спакойны Тузік. Такое глумленне над ежай Паўлік трываць не мог. Хлопчык кінуўся на двор і, трохі патузаўшыся, выхапіў костку з сабачай пашчы і вопрамеццю кінуўся назад у хату. Гэта кароткае відовішча вельмі развесяліла фашыстаў, а маці і Янка ледзь не памлелі.
Немцы ж лавілі курэй, шасталі па гнёздах у пошуку яек, тапталі атаўку на сенажаці і палілі паленцы, прыгатаваныя на зіму. Янка пазіраў на ўсё гэта і не разумеў, што больш выклікаюць чужынцы – страх, агіду ці нянавісць. «На маім надзеле яны робяць што хочуць! Божа, чаму ты гэта дапускаеш? Тут жылі, паміралі мае дзяды і прадзеды, тут матулінымі пальцамі перацёрта зямля да драбніц, а бацькавы рукі ўзводзілі хату і датыкаліся да кожнай дошчачкі. Я ж не маю права нават абурацца, павінен толькі цярпець», – думаў у роспачы юнак, і было яму балюча, горка. Ён моцна сціскаў галаву, спадзеючыся, што такім чынам перастане чуць чужую гаворку, ад якой ужо нудзіла. Хацелася дзікай віхурай наляцець на ворагаў, сцерці і іх, і ўспамін пра іх.
Назаўтра гітлераўцы пачалі выганяць з хат маладых дзяўчат і хлопцаў. У вёсцы стаяў шум і гвалт, бо людзі здагадаліся, што моладзь забіраюць у Нямеччыну на прымусовыя работы.
– Янучок, схавайся, сынок, у пуньцы, зашыйся ў сена! Можа, не знойдуць цябе супастаты, і застанешся з намі! – крычала маці, бегучы тыльнай сцежкай дадому. Янка, падсвядома адчуваючы, што ніякая схованка ўратаваць ад навалы не можа, кінуўся ўсё ж у пуню і схаваўся ў сене. Недзе хвілін праз дзесяць у двор завіталі варожыя салдаты, якраз тыя, што ўчора тут мыліся, сілкаваліся, частавалі Паўліка цукеркамі. Фашысты шукалі Янку… Адзін зайшоў у дом, зазірнуў нават у печ. Там, у чыгунку варылася капуста. Немец скрывіўся, злосна штурхнуў чыгунок дулам аўтамата і адхінуўся, калі яму ў твар ударыла пахучая хваля і шэрыя шматкі попелу. Фашыст крычаў, сварыўся. Затым немец адкрыў пуньку і пачаў аглядаць яе. Нікога не ўбачыўшы, ён зняў аўтамат і пусціў некалькі чэргаў па складзенаму сену…
– Мамачка, гэты дзядзька што, нашага Янучка хоча забіць? – тузаў маці за спадніцу Паўлік.
– Маўчы! Няхай толькі сыдуць. Тады я пайду пагляджу, як там Янучок… – пабялелымі вуснамі прамовіла жанчына.
Немцы ж, здавалася, наўмысна марудзілі і не выходзілі са двара. Нарэшце яны селі ў кузаў. Машыны пачалі знікаць з вачэй.
На ватных нагах Янкава маці ішла да пунькі. Ёй уяўлялася, як яе сын, яе Янучок, сцякае крывёй…
– Янка, ці жывы ты? Адгукніся, сынок! Паехалі паганцы, каб пад імі зямля гарэла!
Сена заварушылася. Янка, хістаючыся, падняўся. Быў ён зусім белы. Маці абдымала сына і адчувала, як моцна, быццам спалоханая птушка, б’ецца ў сынавых грудзях растрывожанае сэрца, здаецца, яно вось-вось вырвецца…
– Мама, як я маліўся! Каб так маліўся заўжды, то, пэўна, стаў бы святым… Я так верыў, што кулі мяне не зачэпяць. Так горача прасіў, каб фашысцкія нелюдзі панеслі кару. Мама! Яны не могуць перамагчы! Мая гарачая малітва пачута…

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий