Валанцёры аказалі дапамогу

Молодежный курьер Общество

Мінулы тыдзень для многіх жыхароў раёна, асабліва тых, хто жыве ў прыватных дамах, стаў сапраўдным выпрабаваннем. Цыклон “Ларс” засыпаў снегам вуліцы населеных пунктаў і двары грамадзян.

Некаторым пажылым людзям справіцца з расчысткай сцяжынак самастойна не ўдалося. У гэтай справе ім на дапамогу прыйшлі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадская арганізацыя БРСМ, якія, аб’яднаўшы сілы, змаглі наладзіць валанцёрскую дапамогу.

Валанцёрскі атрад у складзе навучэнцаў ліцэя, ваеннаслужачых воінскай часці 30695, работнікаў культуры два дні шчыраваў на прысядзібных участках райцэнтра. Найбольшая работа імі праведзена на вуліцы Леніна, дзе ў першы ж дзень былі расчышчаны 16 двароў (іншыя вуліцы – 10 двароў).

Як адзначыў першы сакратар РК БРСМ Уладзімір Ціханоўскі, маладыя людзі свядома прыклалі намаганні, каб палегчыць жыццё тых, каму змаганне з прыроднай стыхіяй ужо не па сілах. Дружная каманда аказала дапамогу па ўсіх адрасах, якія былі прадастаўлены ёй спецыялістамі ТЦСАН. Транспарт для перавозкі валанцёраў выдзеліў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ