Зіма – пара забаў і клопатаў

Общество

 

З надыходам маразоў і завей у дзяцей і дарослых з’явілася магчымасць парадавацца доўгачаканаму снегу. Нельга ўявіць жыццё ў нашай установе дашкольнай адукацыі ў гэты перыяд без мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця.

Зіма – гэта выдатная пара для актыўнага баўлення часу на вуліцы, загартоўвання і ўмацавання арганізма пры дапамозе чыстага марознага паветра, правядзення вясёлых прагулак і карысных назіранняў. Нашы выхаванцы з вялікім энтузіязмам катаюцца на лыжах, лепяць са снегу, гуляюць у розныя рухавыя гульні, якія спрыяюць фарміраванню і развіццю фізічных і асобасных якасцей.

 

Адным з напрамкаў дзейнасці выхавальнікаў з’яўляюцца сумесныя назіранні, правядзенне доследаў і эксперыментаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядаюць снег, уважліва вывучаюць яго крышталікі пры дапамозе павелічальнага шкла і мікраскопа, даследуюць, як ён паводзіць сябе ў памяшканні, як ператвараецца ў ваду, вызначаюць, колькі вады атрымліваецца з пэўнага аб’ёму снегу і многае іншае.

Асабліва дзецям спадабалася вырабляць ледзяныя ўпрыгажэнні з адталай вады. Яны афарбавалі яе, залілі ў розныя формачкі і пакінулі замярзаць на вуліцы. Як жа рабяты ўзрадаваліся, калі ўбачылі, што атрымалася. Мудрагелістыя ледзяныя фігуркі жывёл, зоркі, садавіна і агародніна, ледзяныя каралі для гурбаў – усё спатрэбілася для ўпрыгожвання сваіх гульнявых пляцовак.

Важным заняткам зімой для дзяцей з’яўляецца дапамога братам нашым меншым – птушкам, якія моцна пакутуюць ад холаду і голаду. Таму ва ўстанове зрабілі і павесілі для іх кармушкі на ўсіх гульнявых пляцоўках. Малыя разам з педагогамі пастаянна падсыпаюць у іх корм, а птушкі прылятаюць, бо ведаюць: тут можна падсілкавацца і паласавацца. Такім чынам у дзяцей выхоўваецца любоў да прыроды, беражлівыя адносіны да птушак.

 

Наталля РУБАЦКАЯ,

намеснік загадчыка

па асноўнай дзейнасці

 ясляў-сада № 3 “Пралеска”