Стаўка на інавацыі і інвестыцыі ў рэгіёны.

VI Усебеларускі народны сход

у Барысаве абмеркавалі далейшае развіццё Мінскай вобласці. У рамках рэалізацыі Канцэпцыі прамысловага пояса сталічнага рэгіёну Валожыншчыну разглядаюць як адзін з цэнтраў размяшчэння індустрыяльных паркаў. Як паведамляе mlyn.by на сайте Мінскага аблвыканкама.

Бізнесмены і дэпутаты, педагогі і ўрачы, работнікі культуры і грамадскія актывісты – 29 студзеня ў Барысаве сабраліся больш за трыста чалавек, якім трэба будзе ў складзе дэлегацый прасоўваць інтарэсы сталічнага рэгіёну на Усебеларускім народным сходзе. Абмеркавалі шэраг важных аспектаў – ад прамысловасці, сацыяльнай сферы да палітычных пытанняў.

Перад дэлегатамі выступіў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ

У цэнтры ўвагі вялікай нарады – перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што перад народным веча яшчэ шмат працы: «Нам неабходна разам прааналізаваць усе прапановы на дыялогавых пляцоўках, у рэгіёнах». Міністр адзначыў, што над стварэннем праекта Праграмы развіцця працавалі на працягу двух гадоў: «Разам з экспертамі, навукоўцамі, органамі дзяржкіравання, бізнес-асацыяцыямі. І той дакумент, які сёння прадстаўлены, створаны кансалідаванай групай, гэта не дакумент чыноўнікаў. Мы ўлічылі дасягненні і праблемы, якія не былі вырашаны. Па гэтым дакуменце мы будзем жыць і развіваць нашу краіну на працягу бліжэйшых пяці гадоў».

Гаварылі аб павелічэнні вытворчасці і экспарту ўласнай прадукцыі, даступнасці жылля, узроўні даходаў сельскага насельніцтва. Беларусь у новай пяцігодцы, паводле слоў міністра, захавае сацыяльную накіраванасць эканомікі і яе галоўную мэту – рост дабрабыту людзей.

Што датычыцца Мінскай вобласці, адзін з прыярытэтаў – рэгіёны. Развіццё тэрыторый, аддаленых ад Мінска. «Мы бачым, што адна са сфер, якія могуць даць штуршок у развіцці гэтых рэгіёнаў, – сельская гаспадарка, турызм, – адзначыў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. – Надаём увагу развіццю транспартна-лагістычнай інфраструктуры, павялічваецца заработная плата нашых работнікаў сельскай гаспадаркі, будуецца жыллё. Важна сельскі ўклад жыцця супаставіць з гарадскім праз будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Таксама ўвага і на развіццё аграэкатурызму».

Бачаннем сітуацыі падзяліўся першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Сяргей ЛЯЎКОВІЧ

Па яго словах, працягнецца рэалізацыя важнейшых інвестыцыйных праектаў. Самым маштабным праектам вобласці з’яўляецца будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». З мінулага года тут пачаты другі этап асваення на плошчы 860 га. Прадугледжана стварэнне інфраструктуры да ўнікальнага ў Беларусі лагістычнага тэрмінала, які стане буйнейшым рэгіянальным цэнтрам і пляцоўкай, што злучае Еўропу і Азію.

Немалаважную ролю ў жыцці вобласці адыгрываюць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія фарміруюць фактычна 40% нашага бюджэту. Ёсць мноства прыкладаў, якія паспяхова працуюць.

Шмат праектаў і ў сацыяльнай сферы. Гэта і будаўніцтва бальніц, паліклінік. У кожным раённым цэнтры будуць створаны ўсе ўмовы для атрымання поўнага комплексу медыцынскіх паслуг на сучасным абсталяванні. «У мінулым годзе ўжо пабудаваны 10 садкоў, у наступную пяцігодку плануем пабудаваць каля 30 аб’ектаў дашкольных і школьных устаноў, і больш чым у 80 правесці рэканструкцыю», – удакладніў першы намеснік.

Ключавымі напрамкамі стануць развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска, развіццё свабоднай эканамічнай зоны «Мінск», частка якой размяшчаецца на тэрыторыях Мінскага, Смалявіцкага, Маладзечанскага, Дзяржынскага, Барысаўскага, Стаўбцоўскага раёнаў і горада Жодзіна. Рэалізацыя канцэпцыі прамысловага пояса Мінскай вобласці, якая вызначае размяшчэнне індустрыяльных паркаў на тэрыторыях Барысаўскага, Валожынскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага, Чэрвеньскага раёнаў і горада Жодзіна для стварэння высокатэхналагічных прамысловых вытворчасцей і перамяшчэння прамысловых прадпрыемстваў з Мінска. Таксама працягнецца паскоранае развіццё тэрыторый на аснове гарадоў з колькасцю насельніцтва звыш 80 тыс. чалавек (Барысаўскі, Маладзечанскі, Слуцкі і Салігорскі раёны).

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Барысаўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Зяблікава адзначыла, што ў аснову праграмы развіцця краіны пакладзены інтарэсы простага чалавека:

– Гэта пытанні, якія тычацца адукацыі, аховы здароўя, развіцця інтэлектуальных магчымасцей. Гаворка ідзе і пра тое, як далей развіваць палітычную сістэму, як захаваць адзінства ў грамадстве, нашы каштоўнасці і традыцыі. Для нас мінулы год быў няпростым. Негатыўны ўплыў на нашу эканоміку аказалі знешнія фактары: эпідэміялагічная сітуацыя, сацыяльна-палітычныя падзеі. Свет змяняецца, і разам з ім змяняецца і наша краіна. Беларусь павінна быць гатовая і далей адказваць на новыя выклікі, захоўваць канкурэнтаздольнасць.

Парламентарый лічыць, што патрэбны рэформы, але яны павінны з’яўляцца вынікам пошуку разумных кампрамісаў.

Задачы амбіцыйныя, прыбытак ад вытворчасці, інвестыцый, экспарту. Але эканоміка не дзеля лічбаў, за імі дабрабыт людзей і рост даходаў. Да Усебеларускага сходу застаецца менш як два тыдні, гэта час актыўнага абмеркавання пытанняў і прапаноў, якія вызначаць развіццё.

Па матэрыялах mlyn.by