Сустрэча з майстрам

Культура

Нядаўна група турыстаў, у склад якой увайшлі супрацоўнікі цэнтра творчасці, краязнаўчага музея, наведала сталіцу, каб пазнаёміцца з выставай Фердынанда Рушчыца, і Тэатр юнага гледача.

Выстава “Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака” экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі і стала адным з галоўных мерапрыемстваў Года Рушчыца ў Беларусі. Улічваючы тое, што Рушчыц апошні раз выстаўляўся ў Мінску ў 1911 годзе, гэту падзею чакалі, і тым самым яна набывала выключны характар. І мы, як землякі майстра, не маглі не пазнаёміцца з юбілейнай экспазіцыяй.

Да нядаўняга часу ў музеі была адзіная работа мастака “Каля касцёла” (1899), набытая ў ленінградскага калекцыянера ў 1957 годзе. Аднак у лістападзе 2019 года ўдалося набыць яшчэ тры работы ранняга Рушчыца. Большая частка яго жывапісу з калекцый Варшаўскага, Кракаўскага, Віленскага музеяў, Траццякоўскай і Львоўскай галерэй сабрана ў віртуальнай выставе жывапісных работ, якая змешчана на сайце Нацыянальнага мастацкага музея (https://www.artmuseum.by).

На ўваходзе на выставу нас сустрэў сам юбіляр – вялікі партрэт Фердынанда Рушчыца. У трох залах да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены не толькі работы самога майстра, але і яго настаўнікаў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, аднакурснікаў па Акадэміі мастацтваў Мікалая Рэрыха, Вільгельма Пурвіта, Канстанціна Багаеўскага, Аркадзя Рылова і інш. Тут жа фатаграфіі Яна Булгака з багданаўскімі краявідамі і інтэр’ерамі дома.

Асобную залу арганізатары прысвяцілі вучням мастака па Кракаўскай акадэміі мастацтваў і Віленскім універсітэце, пазней вядомым мастакам Пятру Сергіевічу і Міхаілу Сеўруку, інш.

Творчасць Рушчыца і сёння прыцягвае ўвагу сваёй загадкавасцю і індывідуальнасцю стылю, а Багданава стала месцам, дзе паўстаюць новыя палотны сучасных майстроў. Мы з цікавасцю знаёміліся з работамі мастакоў, напісаных на багданаўскіх пленэрах у апошнія гады.

Сапраўднай нечаканасцю стала экспазіцыя з архіўных фотаздымкаў Багданава і багданаўцаў часоў Першай сусветнай вайны з прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава. Разглядаючы гістарычныя фотаздымкі, мы пазнавалі ваколіцы багданаўскай сядзібы Рушчыцаў.

 Дзве гадзіны, праведзеныя ў музеі разам з куратарам выставы Юліяй Лісай, праляцелі вельмі хутка: цікавы аповед пра Фердынанда Рушчыца і яго час, нечаканая інтэрпрэтацыя карцін вядомых і невядомых мастакоў, звесткі пра жыццё, творчасць, грамадскую і культурную дзейнасць нашага славутага земляка – усё гэта не толькі пашырыла веды пра мастацтва, але і прымусіла па-іншаму асэнсаваць сённяшні і заўтрашні дзень нашага існавання.

Фінальным акцэнтам культурнай праграмы стаў спектакль па п’есе Ж. Б. Мальера “Не па сваёй ахвоце лекар”. Нягледзячы на ўмоўнасць эпохі класіцызму, сатыра і гумар вялікага француза зрабілі сваю справу: мы пакідалі Мінск у вельмі добрым настроі і з упэўненасцю, што насуперак абставінам варта рабіць падобныя “вылазкі” часцей. Вялікая сіла мастацтва дапамагае чалавеку перажываць драматычныя падзеі паўсядзённага жыцця і дае надзею на лепшае заўтра.

Ала МАКАРЭВІЧ,

педагог дадатковай

 адукацыі ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі

Валожынскага раёна”