СУСТРЭЧА Ў НОВЫМ ФАРМАЦЕ

Общество

Першая субота лютага – незвычайная дата. У гэты дзень школы традыцыйна сустракаюць сваіх дарагіх гасцей – былых выпускнікоў. Рыхтуюцца загадзя: афармляюць выставы, фотазоны, працуюць над святочнай праграмай.

У 2021 годзе, на жаль, гэта доўгачаканае мерапрыемства пройдзе ў іншым фармаце. У мэтах захавання мер, накіраваных на зніжэнне рызык распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, захавання здароўя вучняў і работнікаў установы, забеспячэння бяспекі ва ўмовах пандэміі COVID-19 ва ўстановах адукацыі правядзенне масавых мерапрыемстваў забараняецца. Таму “Вечароў сустрэч”, як такіх, не будзе.

Зразумела, што жывое ўзаемадзеянне нічым не заменіш, але, на шчасце, сёння ёсць іншыя формы камунікацый. Вучні і педагагічныя калектывы падрыхтавалі для выпускнікоў відэапрывітанні, якія размясцілі на сайтах сваіх устаноў, а таксама ў сацыяльных сетках. Гэта дазволіць на некалькі хвілін акунуцца ў дзяцінства і ўспомніць незабыўныя школьныя гады тым, хто сёлета адзначае юбілейную дату пасля заканчэння ўстановы.

У сацыяльных сетках, якія з’яўляюца платформай для зносін, і дзе ўжо знаходзіцца інфармацыя ўстаноў адукацыі, можна выкладаць асабістыя і калектыўныя відэапрывітанні і пажаданні любімай школе, настаўнікам, былым аднакласнікам, а таксама фота. Для гэтай мэты можна скарыстацца і электроннай поштай устаноў адукацыі.

Анжэла РАДЫНА